На літоўскай мытні кожны грузавік з Беларусі абшукваюць на наяўнасць нелегальных цыгарэт



Літоўская мытня з 23 лістапада ўзмацніла кантроль за грузавымі перавозкамі на мяжы з Беларуссю. Па словах прадстаўніка Мытнай крымінальнай службы Гедымінаса Кулікаўскаса, кожны грузавік, які ўязджае ў краіну, нават калі ён без грузу, правяраецца вельмі старанна.

«Правяраюцца абсалютна ўсе грузавыя аўтамабілі: пустыя, поўныя, з заяўленым грузам ці без яго, кузавы грузавікоў правяраюцца і нават вымяраюцца на наяўнасць схованак, яны ўзважваюцца. Не кажучы ўжо аб рэнтгенаўскім прасвечванні, выкрыцці брызента», – прыводзіць яго словы BNS. Па ягоных словах, дбайныя праверкі значна падаўжаюць працэс агляду, што можа прывесці да павелічэння чэргаў транспартных сродкаў.

Аднак, паводле слоў Кулікаўскаса, такія праверкі эфектыўныя. Адбываецца сапраўды дбайная праверка кожнага грузавога аўтамабіля, і гэта дае свае вынікі, запэўніў ён. Служба паведаміла, што падчас адной з такіх праверак на аўтадарожнай пасадзе Райгардас у баку бензавоза, які прыбыў з Беларусі, было знойдзена каля 600 скрынь цыгарэт.

За 9 месяцаў гэтага года падчас дасудовых расследаванняў мытнікі ўжо канфіскавалі 10 мільёнаў 400 тысяч пачак нелегальных цыгарэт. У мінулым годзе за ўвесь год было перахоплена 8,3 мільёна пачкаў кантрабанднага тавару.