На Мазурах адбыўся міжнародны жывапісны пленэр
На Мазурах на беразе возера Негоцін адбыўся 2-гі Міжнародны жывапісны пленэр „Мазурскія натхненні. Негацін 2023”. Ва ўтульным турыстычным цэнтры „Негоцін” сабраліся вядомыя мастакі з чатырох краін – Польшчы, Украіны, Беларусі і Літвы, якія два тыдні малявалі маляўнічыя навакольныя краявіды.
Кажа каардынатар пленэру, беларускі мастак Эдуард Галустаў:
– У гэтым месцы пленэр другі раз, і я другі раз з’яўляюся камісарам пленэру. У мінулым годзе гэты пленэр праходзіў пад назвай „Салідарныя з Украінай”. Былі запрошаныя мастакі з Украіны. Таксама былі запрошаныя мастакі з Літвы, з Польшчы. У гэтым годзе ўжо не было так акцэнтавана, што салідарныя з Украінай, але так атрымалася, што менавіта ўкраінцаў з Кіева было восем асоб, фактычна палова пленэру.
Арганізатарам пленэру выступіла кіраўніца фонду „BYĆ WIĘCEJ” Моніка Гаврылак:
– Я кірую фондам, які працуе з мастакамі. Мэтам фундацыі з’яўляецца рэкламаванне мастакоў ды іх творчасці. Пленэр з’яўляецца адной з такіх форм. Заўсёды на канец пленэру ладзім вернісаж. Стараемся запрасіць як найбольш гасцей, каб была магчымасць продажу гэтых твораў. Стараемся арганізаваць пленэры перадусім там, дзе ёсць магчымасць.
Для ўдзельнікаў пленэру былі арганізаваны паездкі па навакольных мясцінах, вандроўка на караблі па возеру, а таксама сплаў па рацэ Крутыня. А напрыканцы пленэру адбылася выніковая выстава, на адкрыцці якой выступіў удзельнік тэлепраграмы „VOICE of POLAND 2023” MICHAŁ SOŁTAN.
Цалкам матэрыял:
Беларускае Радыё Рацыя