На мяжы Беларусі і Літвы за суткі затрыманыя 70 мігрантаў



Літоўскія памежнікі затрымалі ў аўторак на мяжы з Беларуссю 70 мігрантаў. 62 з іх прадставіліся грамадзянамі Ірака або прад’явілі дакументы гэтай краіны, паведамляе ўпраўленне Дзяржаўнай памежнай бяспекі МУС Літвы.

Фота pasienis.lt

Усе мігранты змешчаныя ў пункты часовага ўтрымання. Заявы асоб, якія шукаюць прытулку, будуць разгледжаны ва ўстаноўленым парадку, піша REFORM.by.

Усяго з пачатку года ў Літве затрымалі 2228 мігрантаў, у тым ліку 1567 у ліпені. Гэта ў 26 разоў больш, чым летась за ўвесь год.

Літва абвінавачвае афіцыйны Менск у спрыянні нелегальнай міграцыі, і пачала значна ўзмацняць ахову сваёй мяжы.

На мяжы з Беларуссю пачалося будаўніцтва плота з калючага дроту. Беларуска-літоўскую мяжу патрулююць не толькі літоўскія памежнікі і вайскоўцы: ім дапамагаюць, эстонскія паліцэйскія і памежнікі, сілы Еўрапейскага агенцтва памежнай і берагавой аховы «FRONTEX», Службы грамадскай бяспекі, «Саюза стралкоў» і іншых устаноў.