На Падляшшы паміналі продкаў
У Плёсках на Падляшшы 31 кастрычніка, у дзень святога Лукаша, паміналі продкаў. Гэта ўжо традыцыя. У гэты дзень усе, хто звязаны з Плёскамі, прызджаюць туды на могілкі.
«Узгадваем тых, хто адышоў у вечнасць», – кажа настаяцель прыхода ў Плёсках айцец Андрэй Неліпіньскі:
– Гэта ўжо традыцыя царквы, калі абіраюцца гэтыя святы, святыя, тады і вызначаецца памінальная служба. І гэта ўжо свяшчэнная традыцыя: прыязджаюць паломнікі, унукі, праўнукі. І слава Богу, што такая вечная памяць не толькі на нашых вуснах, у нашай малітве, але і на справе. Людзі прыязджаюць і з Бельску, і з Гайнаўкі, і з гэтага прыходу.
– 18 год таму наш Юрык памёр, 38 год яму было.
– Ходзім на могілкі, адведваем і ўспамінаем тых, якія ўжо не жывуць.
– Такое свята святога Лукаша, тут у нас усе прыязджаюць на магілы сваіх бацькоў, родных. Раз на год такое свята, калі з’язджаюцца ўсе людзі.
Малітвы за памерлых і асвячэнне магілаў працягваецца і 1 лістапада на шматлікіх праваслаўных могілках Падляшша, хоць гэта даволі новая традыцыя. Дзень памінання продкаў у традыцыі беларусаў Падляшша адзначаецца ў некаторыя суботы ў вялікім посце, у пасхальны перыяд, ды ў першую нядзелю пасля пяцідзясятніцы. Ёсць таксама лакальныя традыцыі памінання продкаў, як, напрыклад, у Плёсках, калі вернікі наведваюць магілы ў апошні дзень кастрычніка.
Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя