На Падляшшы абмяркоўвалі перспектывы „Шаўковага шляху”
Развіццё шаўковага шляху, суседства з Літвой і Беларуссю. Гэта, паводле віцэ-прэм’ера і міністра развіцця Польшчы Матэвуша Маравецкага, шанец для эканамічнай будучыні Падляшша. Маравецкі сустрэўся ў Беластоку з самаўрадаўцамі, прадпрымальнікамі і чыноўнікамі ў межах кансультацыі, якія праводзяцца па ўсёй краіне. “Шаўковы шлях” пройдзе праз тэрыторыю Польшчы, у тым ліку Падляшша, і далей праз Беларусь і Расею – у Кітай. “Каб ён эфектыўна выкарыстоўваўся, патрэбныя інвестыцыі ў цэнтры перазагрузкі па абодвух баках польска-беларускай мяжы”, – кажа польскі віцэ-прэм’ер:
– Хочам узмацніць польска-беларускую супрацу. Бо гэта шанец для развіцця гэтага рэгіёна. Немагчыма гэта зрабіць без развіцця адпаведнай інфраструктуры з другога боку мяжы, развіцця лагістычнага цэнтра, які б стаў месцам перазагрузкі тавараў.
Паводле віцэ-прэм’ера Маравецкага, такім цэнтрам перазагрузкі тавараў на „Шаўковым шляху” можа быць Кузніца разам з польска-беларускім памежным і чыгуначным пунктамі пропуску. Аднак пытанне – у інвестары.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя