На Падляшшы прайшла „XV Бандароўская гасцёўня”
Над Семяноўскім вадасховішчам у 15 раз адбылася „Бандароўская гасцёўня”. Традыцыйны беларускі фест прайшоў у вёсцы Бандары, куды перасяліліся жыхары затопленых вёсак.
Зайграла „Падляшская капела”, „Калінка” ды „АС”.
Паводле Янкі Сычэўскага з Беларускага грамадска-культурнага таварыства, фестываль – гэта памяць пра жыхароў, якія калісьці вымушаны былі пакінуць свае хаты:
– Мы былі перакананыя, што трэба арганізаваць нешта такое, што захавала б памяць пра тых людзей, якія пакінулі свае дамы, свае падворкі, свае гаспадаркі, канешне сваю народную традыцыю, бо перасяленне іх у гэтыя шматпавярховікі – гэта была драма, яны перарвалі сувязі паміж сабой, перарвалі ўсё тое, што было традыцыяй, звычаем.
З 70-х гадоў пачалася пабудова Семяноўскага вадасховішча. У сувязі з будоўляй былі затоплены пяць вёсак, жыхары якіх перасяліліся ў вёскі Бандары і Новая Лукі, а таксама ў Беласток. „Бандароўскую гасцёўню” арганізавала БГКТ сумесна з гмінай Міхалова.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя