На Падляшшы адраджаюць Беларускі народны фестываль



У вёсцы Мілейчыцы, што ў Сямятыцкім павеце, адраджаюць Беларускі народны фестываль. Гурт «Капрыс» з Бельска-Падляшскага, «Расспяваны Гарадок» і капэла «Хутар» з Гарадка, «Аморфас» з Сяматыч, «Чыжавяне» з Чыжоў і госці з Беларусі выступяць на сцэне перадя мясцовай публікай. Пра гэта распавёў намеснік старшыні Беларускага грамадска-культурніцкага таварыства ў Польшчы Васіль Сегень:

– Гэта ўжо традыцыя. Запрашаем заўсёды на такія мерапрыемствы гасцей з Беларусі. Зараз прыедзе арт-гурт “Багач” з Менска, які ўжо быў у нас на Беласточчыне са сваёй праграмай. Іх выкананне беларускіх песень сустракаецца з вялікім зацікаўленнем нашай публікай. Прымаюць іх заўсёды вельмі і вельмі добра.

Фэст у Мілейчыцах, які не праводзіўся дагэтуль некалькі гадоў, пачынаецца сёння а 14-й гадзіне. Беларускае  грамадска-культурнае таварыства цягам жніўня зладзіць яшчэ некалькі падобных імпрэз.

Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя