На Падляшшы адстрэляць 500 дзікоў



На Падляшшы адстрэляць 500 дзікоў, заявіў маршалак Падляшскага ваяводства Мечыслаў Башко. Дэпутаты Падляшскага сейміка прагаласавалі за зніжэнне пагалоўя дзікоў у гмінах Кузніца, Крынкі, Шудзялова, Саколка, Міхалова, Гарадок, Супрасль і Васількаў.

„Гэта тэрыторыі, дзе былі выяўлены ачагі афрыканскай чумы свіней”, – кажа маршалак ваяводства Мечыслаў Башко:

– Там, дзе выяўлены ачагі афрыканскай чумы, будзе праведзены адстрэл 500 дзікоў. Апрача гэтага, два месяцы таму быў ухвалены план па адстрэлу 2000 дзікоў, а гэтыя дадатковыя 500 жывёл будуць утылізаваныя.

„Адстрэл 500 дзікоў не вырашыць праблемы”, – кажуць гаспадары, якія прысутнічалі на пасяджэнні сейміка:

– Гэта здзек, бо гэтыя 500 дзікоў толькі для ачышчэння сумлення кіраўніцтва ваяводства па распараджэнні, якое неўзабаве ўступіць у сілу. Тысячы свінняў пойдуць на ўбой, а 2130 гаспадарак адкажуць за наступствы.

На адстрэл дзікоў Маршалкоўская ўправа прызначыла 200 тысяч злотых. 500 дзікоў павінны быць адстрэленыя да канца чэрвеня.

Беларускае Радыё Рацыя