На Падляшшы дапамагаюць нелегальным мігрантам



На польска-беларускім памежжы мігрантам, якія перасякаюць мяжу, дапамагаюць галоўным чынам валанцёры. Першай дапамагчы людзям, якія апынуліся ў бядзе, адгукнулася гміна Міхалова, цяпер збор рэчаў, неабходных мігрантам, праводзяць таксама гміны Гарадок і Нараўка.

Колькасьць людзей, гатовых дапамагчы, расце, але расце і колькасць тых, хто дапамогі патрабуе, – кажа валанцёрка з Гайнаўкі Кацярына Вапа:

– У Гайнаўцы сапраўды годна дапамагае шпіталь, людзі дапамагаюць неверагодна. Яны прымаюць бежанцаў у цяжкім стане, апякуюць іх, даюць гігіенічныя сродкі, арганізуюць збор рэчаў: людзі прыносяць мыла, зубныя пасты, шчоткі, гігіенічныя сурвэткі, цёплыя рэчы. Бежанцы, якія выходзяць са шпіталю, часта бяруць заплечнік з гэтымі рэчамі, каб пасля, як трапяць да памежнікаў, не засталіся ні з чым. Усе стараюцца і дапамагаюць.

Улады Гайнаўшчыны пакуль толькі абмяркоўваюць магчымасць нейкай дапамогі уцекачам. Гаворыць гайнаўскі стараста Андрэй Скепка:

– Пакуль што нашыя памежнікі добра спраўляюцца з гэтай справай. У самой Чаромсе, я там быў учора, знаходзіцца 80 чалавек – дзяцей, маладых жанчын і мужчын. Яны маюць гарачую ежу, могуць памыцца, яны знаходзяцца ў цяпле.

Учора ў Гайнаўцы адбылося паседжанне крызіснага штаба з удзелам мясцовага самакіравання памежнай службы і паліцыі.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Foto: Kacper Pempel / Reuters