На Падляшшы на культурныя праекты выдаткавалі 2,4 мільёна злотых
Больш за 7 мільёнаў злотых на каштоўнасці, спартовыя клубы і валанцёрскія пажарныя службы. Такое рашэнне прынятае падчас 18-й сесіі Сейміка Падляшскага ваяводства.
Пра вынікі сесіі падчас анлайн-канферэнцыі распавёў маршалак ваяводства Артур Касіцкі. Да прыкладу, калі казаць пра культурныя і гістарычныя каштоўнасці, то сёлета на іх падтрымку прызначылі рэкордныя 2,4 мільёна злотых. Сродкі пойдуць на падтрымку 45-ці аб’ектаў:
– Усе мы сёння змагаемся з каронавірусам, але не можам забываць і пра іншыя важныя рэчы для нас – пра нашую гісторыю, пра нашую спадчыну. Для гэтага мы вырашылі ў тых пытаннях, у тых конкурсах не памяншаць сумы фінасаванняў і датацый, а нават павялічыць, бо гэта ёсць наша народная каштоўнасць, наша традыцыя, нашая спадчына, пра якую мы павінны дбаць, незалежна ад таго, ці ёсць каронавірус, ці нейкія іншыя складанасці.
У прыватнасці, Бельскі павет атрымае дафінансаванне на суму 352 тысячы злотых, а Гайнаўскі – 93 тысячы злотых. Маршалак Касіцкі таксама распавёў, што вырашана падтрымаць чальцоў валанцёрскіх пажарных службаў, якія ўзялі ўдзел у тушэнні пажараў у Бебжаньскім нацыянальным парку:
– Прызначылі мы разам з раднымі каля 60 тысяч злотых на абсталяванне, на розныя патрэбы для адзінак пажарнай службы, якія змагаліся з пажарам, што ахапіў Бебжаньскі нацыянальны парк.
Таксама Управа Падляшскага ваяводства плануе дафінансаваць малыя спартовыя клубы рэгіёну, каб яны змаглі выжыць у цяжкай сітуацыі, дзеля чаго плануецца вылучыць 1,1 мільёна злотых з самаўрадавага бюджэту.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя