На Падляшшы не хапае падручнікаў па беларускай мове



Як вынікае з прынятай у 2014 годзе Стратэгіі адукацыі, справамі падручнікаў мае займацца Міністэрства адукацыі. Нягледзячы на звароты настаўнікаў у Аддзел адукацыі ў Беластоку, вучні падручнікаў не дачакаліся. Кажа настаўніца пачатковай школы №1 у Гайнаўцы Ганна Франкоўская:

– Мы звярнуліся з просьбай пра падручнікі 6 траўня гэтага года. І аказалася, што падручнікаў няма. У гэтай справе ў жніўні спадарыня Пасюк тэлефанавала дырэктару нашай школы і сказала, што падручнікаў не будзе. А мы складалі запатрабаванне ажно на 20 падручнікаў.

Гэтым фактам пярэчыць Крыстына Пасюк з аддзела адукацыі ў Беластоку, якая адказвае за развіццё адукацыі нацыянальных меншасцяў:

– Не маглі атрымаць такой інфармацыі ад мяне, каб нават не падаваць заявы. Было паведамлена, што калі ёсць патрэба ў падручніках, то рабіце нават на нарадзе дырэктараў замову. А мы будзем вырашаць, што з гэтым рабіць. І будзем, магчыма, звяртацца ў міністэрства. 

Пасля звароту „Нівы” ў Міністэрства ўнутраных спраў і адміністрацыі на сайце Кураторыя асветы ў Беластоку з датай 7 кастрычніка  з’явілася інфармацыя пра недахоп падручнікаў  для ІІ і ІІІ класаў пачатковай школы. Адначасова кураторый абавязваецца, што з праблемай звернецца ў Міністэрства нацыянальнай адукацыі. Падпісанае віцэ-куратарам асветы магістрам Бажэнай Дзіткоўскай.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток