На Падляшшы пашыраецца сетка дарог



Каля 30-ці кіламетраў новых дарог з’явіцца ў гэтым годзе на Падляшшы ў сельскай мясцовасці.

podlasie_droga_m

Маршалкоўская ўправа выдзеліла мясцоваму самакіраванню 1 мільён злотых на рамонт вясковых дарог. Грошы атрымаюць 29 самаўрадаў, у тым ліку гміны Нараўка, Міхалова, Сухаволя, Карыцін ды Сямятычы.

У гміне Нараўка на 120 тысяч злотых пабудуюць 2 кіламетры дарогі да вёскі Ляшукі, кажа войт гміны Мікола Павільч:

– Цяпер атрымаем сродкі на адзін адрэзак дарогі, першы этап працаў на якім быў завершаны ў мінулым годзе. У гэтым годзе хочам завяршыць рамонт дарогі – 2250 метраў дарогі зроблена. Вясной ці летам, калі пройдзе дождж, па ёй акрамя як на трактары нельга было праехаць.

Па словах войта Міколы Павільча, у гміне Нараўка рамонт чакаюць яшчэ каля 200 кіламетраў палявых дарог. У ваколіцах Міхалова патрэбныя грошы на рамонт 100 кіламетраў.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

Фота potap.blox.pl