На Падляшшы паўстае Цэнтр мусульманскай культуры
Будаўніцтва Цэнтра мусульманскай адукацыі і культуры ў мясцовасці Крушыняны на Падляшшы ўжо напалову завершанае. У нядзелю прадстаўнікі татараў і маршалак ваяводства Мечыслаў Башко ўрачыста павесілі традыцыйны вянок на будынку будучага цэнтра. У ім плануецца знаёміць людзей з культурай і рэлігіяй татараў, якія жывуць на гэтых землях ужо 330 гадоў.
Ён будзе спрыяць развіццю турыстыкі і служыць чальцам мусульманскай рэлігійнай абшчыны, кажа старшыня Мусульманскай рэлігійнай абшчыны ў Крушынянах Браніслаў Талькоўскі:
– Тутэйшыя татары чынна ўдзельнічалі ў гістарычных падзеях Польшчы – перадусім ідзе пра вайсковыя дзеянні. Палякі і польскія татары заўсёды змагаліся разам. Калі паглядзець на нашыя могілкі, то галоўныя магілы – гэта татарскія сем’і, а перадусім вайскоўцаў. Гэты цэнтр павінен збіраць такія факты.
Агульны кошт інвестыцыйнага праекта складае каля 5,5 мільёнаў злотых, з якіх 3,5 мільёны – гэта сродкі Еўрапейскага фонду рэгіянальнага развіцця.
Паводле перапісу насельніцтва 2011 года, у Польшчу жыве дзве тысячы татараў, найбольшая іх канцэнтрацыя – ў Падляшскім ваяводстве, дзе ёсць дзве мячэці – ў Крушынянах і Бахоніках.
Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя