На Падляшшы перапахавалі парэшткі цывільных жыхароў, якіх расстралялі фашысты



На праваслаўных могілках ў Кузаве, што на Падляшшы, перапахавалі парэшткі цывільных жыхароў гміны Чаромха, якіх у гады Другой сусветнай вайны расстралялі фашысты.

Сем безыменных асоб, парэшткі якіх склалі ў сем асобных трунаў, знайшлі свой апошні спачын у асвечанай зямлі. Цырымонію перапахавання здзейснілі праваслаўны і каталіцкі святары Рыгор Навумовіч і Томаш Тшаска:

На ўрачыстасці ў Кузаве прысутнічала дэлегацыя з Інстытута нацыянальнай памяці, якую ўзначальваў прафесар Кшыштаф Швагжык:

– Кожны, хто валодае якой-небудзь інфармацыяй пра асоб, якія паходзілі з ваколіц Чаромхі і былі забітыя немцамі ў 1941 – 1942 гадах, просім скантактавацца з Інстытутам нацыянальнай памяці. Тая інфармацыя, якую пераказваюць нам сведкі, часта з’яўляецца адзінай, якая дазваляе адкрыць праўду.

У снежні 2017 года намаганнямі Інстытута нацыянальнай памяці былі праведзеныя эксгумацыйныя працы ў Чаромсе. Магілу з парэшткамі сямі чалавек знайшлі на прыватным падворку. Мяркуецца, што гэтыя людзі былі расстраляныя ў 1941-1942 гадах.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя