На Падляшшы прайшла “Сяброўская бяседа”
Свята беларускай культуры – Міжнародны фестываль “Сяброўская бяседа” – 20-ты раз прайшоў у гміне Гарадок. Выступілі дзясяткі выканаўцаў, сярод якіх усе беларускія калектывы гміны, шмат гасцей з суседніх мясцовасцей Падляшша, а таксама з Беларусі.
Юбілейную “Сяброўскую бяседу” наведалі прадстаўнікі еўрапарламента, улады горада Беластока, Беластоцкага павета, Падляшскага ваяводства, дэпутаты польскага Сойма, а таксама прадстаўнік беларускай Амбасады. Каб падтрымаць беларускі каларыт мерапрыемства, некаторыя госці прывіталіся па-беларуску. Кажа дэпутат польскага Сойма Роберт Тышкевіч:
– Сардэчна вас вітаю, дарагія сябры! Тут, на гэтай лясной паляне, у гэтым амфітэатры найлепш слухаць прыгожую беларускую мову, беларускія песні, глядзець народныя танцы, якія нагадваюць нам атмасферу былой Рэчы Паспалітай і памежжа ВКЛ і Рэчы Паспалітай.
Войт гміны Гарадок Веслаў Кулеша:
– Гэты фестываль для нас – вялікае багацце. Ён патрэбны для ўсёй гміны. Гэта прамоцыя нашага рэгіёну. Дзякуючы яму мы наладжваем розныя кантакты. Да нас прыязджаюць з суседніх гмін, прыязджаюць прадстаўнікі ўлады. Я цешуся, што гэта развіваецца, і, я думаю, будзе развівацца надалей.
Фестываль “Сяброўская бяседа” ёсць сталым мерапрыемствам сярод міжнародных фестываляў у Польшчы і адным з найбуйнейшых святаў беларускай нацыянальнай меншасці.
Кажа госць фестывалю, пасол Сойма і старшыня беларуска-польскай парламенскай групы Мечыслаў Башко:
– Вельмі важныя справы датычаць беларускай меншасці, датычаць іншых нацыянальных меншасцяў. Але перадусім тут заўсёды паўтараем: Мельнік, Кляшчэлі, Мілейчыцы, Гарадок, Крынкі, Шудзялова, Новы Двор. Я памятаю, адкуль я паходжу, бо з Шудзялова паходжу. Тут прысутнічае прадстаўнік амбасады Беларусі. Ведаю дакладна, што ёсць пацяпленне. І давайце жыць па-суседску ў згодзе, любові і радасці!
Праз вяртанне да колішняй культуры рэгіёну фестываль яднае пакаленні, а таксама беларусаў па розныя бакі мяжы. На правах гаспадароў у “Сяброўскай бяседзе” выступілі ўсе беларускія калектывы і салісты гміны Гарадок. З Беларусі прыехалі народны ансамбль песні і танца “Цвецень” з Ваўкавыска і народны харавы ансамбль “Івіца” з Магілёва. Кажуць кіраўнікі калектываў:
– Мы спяваем народныя песні ў сучаснай апрацоўцы.
– Мы хочам, каб нашыя песні хораша слухаліся і малым, і дарослым, і старым. Каб усім падабаліся нашыя касцюмы, наш стыль гэтаму адпавядае. Хацелася б супрацоўнічаць надалей. Вельмі спадабалася!
– Людзі тут адкрытыя. Відаць гэта па кожным, хто сядзіць у зале.
– Жыхары нас добра сустракалі. Нам было тут так добра выступаць!
У бліжэйшыя гады плануецца пабудаваць у Барыку лясны амфітэатр, які будзе адпавядаць па стылі фестывалю і зробіць яго больш камфортным для артыстаў і гледачоў.
Міжнародны фестываль “Сяброўская бяседа” – адзін з самых адметных у Польшчы фестываляў беларускай культуры. Існуе пры фінансавай падтрымцы Міністэрства ўнутраных спраў і Адміністрацыі Польшчы.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя