На Падляшшы працягваецца фестываль “Беларуская песня 2019”



У Гайнаўцы прайшоў чарговы раённы адбор фестывалю “Беларуская песня 2019”. Калектывы, хоры, жаночыя і мужчынскія групы ды салісты спявалі на сцэне Гайнаўскага дома культуры песні на беларускай мове. Як штогод, за ўдзел у гала-канцэрце змагаецца і калектыў “Цаглінкі” з Ляўкова Старога. Кажа яго кіраўнік Мікалай Мяжэнны:

Выступаем у трох відах: хор, мужчынскія і жаночыя групы. Спяваем аўтарскія і народныя песні. Што такое для нас «Беларуская песня»? Гэта наша жыццё, наша мова, нашыя бацькі, куточак той зямелькі, дзе мы жывём.

3 лютага ў 15.00 пачнецца адборачны канцэрт у Гмінным цэнтры культуры ў Орлі. Гала-канцэрт 26-га фестывалю “Беларуская песня” пройдзе 1 сакавіка ў Беластоку ў Падляшскай оперы і філармоніі, што па вуліцы Адэскай 1.

Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара