На Падляшшы працягваецца набор у ліцэі з беларускай мовай навучання



Да 12 ліпеня працягваецца набор выпускнікоў гімназій і пачатковых школаў у сярэднія адукацыйныя ўстановы.

„У Ліцэй з беларускай мовай навучання ў Бельску Падляшскім пакуль склалі свае дакуманты звыш 100 вучняў, гэта менш, чым мы чакалі”, – гаворыць дырэктар ліцэя Андрэй Сцепанюк.

Ужо ведаем, што пасля гімназіяў пэўна будзе два класы. Але кандыдаты не павінны баяцца таго, што не будуць у тых класах, у якіх хочуць, проста ў адных класах ёсць розныя пашыраныя прадметы, яны падзелены на групы. Адносна выпускнікоў пачатковых школаў, тут надалей мы імкнемся стварыць тры класы.

„Колькасць дакумантаў ад вучняў, якія пажадалі вучыцца ў Ліцэі з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы, на ўзроўні мінулага года, прычым у гэтым годзе маем падвойных выпускнікоў”, – кажа дырэктар гайнаўскага ліцэя Ігар Лукашук.

– Будзе па тры аддзелы і пасля гімназіі, і пасля пачатковай школы. На гэты момант канчатковы набор яшчэ не закончаны, таму што некаторыя вучні яшчэ прыносілі арыгіналы і забіралі копіі, каб канчаткова пацвердзіць сваё жаданне вучыцца ў нашай школе. Але можна спадзявацца, што ў адных класах і ў другіх будзе па тры аддзелы.

У гэтым школьным годзе ліцэі вымушаны рэалізаваць падвойныя праграмы навучання. Перад выпускнікамі гімназіяў тры гады навучання, а выпускнікі пачатковых школаў ідуць ўжо ў 4-х гадовыя агульнаадукацыйныя ліцэі.

Валя Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя