На Падляшшы працягваюцца дыскусіі пра Рамуальда Райса „Бурага”



У межах фестывалю навукі і мастацтва прайшлі сустрэчы, прысвечаныя асобе так званага выклятага жаўнера. Госці пабачылі фільм Агнешкі Арнольд «Герой» пра пацыфікацыю беларускіх вёсак у 1946 годзе атрадамі Бурага. Пра сваю кнігу аб зборнай памяці беларусаў і палякаў наконт гэтых здарэнняў гаварыла яе аўтарка Анна Мароз:

— Я аналізавала артыкулы са шматлікіх газет, але таксама, напрыклад, на старонках «Рамуальд Райс «Буры» — не мой герой» і «Рамульд Райс «Буры» — мой герой» у Фэйсбуку. Там ёсць мноства здымкаў: абсалютна супрацьлеглых, з каментарамі, з артыкуламі. Гэта вельмі цікава: якім чынам розныя памяці па рознаму інтэрпрэтуюць факты, а таксама часта абмінаюць розныя факты.

Кніга «Зборны канфлікт памяці палякаў і беларусаў на прыкладзе асобы Рамуальда Райса – Бурага» трапіць у кнігарні ў чэрвені.

На дыскусію пасля прэзентацыі кнігі Анны Мароз прыйшла група польскіх нацыяналістаў, якія пераконвалі ў сваёй інтэрпрэтацыі гісторыі Бурага. Кажа адзін з прадстаўнікоў нацыяналістаў Рафал Казімеровіч:

Дакументы маглі быць падтасаваныя і не адпавядаць рэчаіснасці — і я ў гэта веру.

РР: Але ёсць дакументы і парэшткі дзяцей і жанчынаў.

— Так. Але многія версіі гісторыі маглі быць па-іншаму запісаныя, альбо гэта мог папросту зрабіць нехта іншы.  

Па звестках Інстытута нацыянальнай памяці Польшчы, забойства 79 жыхароў падляшскіх вёсак у лютым 1946 года трэба разглядаць як генацыд нацыянальнай і рэлігійнай групы. Пракуроры ІНП не маюць сумневаў, што на падставе ўсіх доказаў можна сцвердзіць, што асобай, якая выдавала загады забіць жыхароў, у тым ліку жанчын і дзяцей, быў менавіта Буры.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя