На Падляшшы стартуе пяты Міжнародны фестываль казак
Пасля вымушанага эпідэмічнай сітуацыяй гадовага перапынку на Падляшша вяртаюцца казкі. Стартуе пяты Міжнародны фестываль казак ладжаны Фондам “Яны гэта Мы”.
У гэты раз мерапрыемства завітае ў Сямяцічы – кажа ініцыятар фестывалю, старшыня фонду – Наталля Герасімюк.
– Мы гэтыя казкі абсмоктваем з рознага боку, мы іх танцуем, мы іх спяваем, паказваем, прадстаўляем. І няма такога гледача, які прыйшоў, сеў і аглядае. Не. Кожны там і глядач, і акцёр, і выступоўца. Гэта вельмі інтэрактыўны фестываль. У мінулым годзе мы яго не праводзілі з розных прычынаў. Па-першае, была пандэмія. Але ніколі мы не заяўлялі, што фестываль мусіць адбывацца штогод. Вось цяпер будзе ў Сямяцічах.
Пяты Міжнародны фестываль казак, ладжаны Фондам “Яны гэта Мы”, пачнецца а 12-ай гадзіне ў панадворку гарадской бібліятэцы імя княгіні Анны Яблонаўскай у Сямяцічах. Са спектаклямі выступяць тэатры Delikates i Czerevo.
Анна Шайкоўская, Беларускае Радыё Рацыя