На Падляшшы вызначаюць лепшы турыстычны прадукт



Фестываль “З вясковага панадворку” ў Чаромсе стаў лаўрэатам першай узнагароды конкурсу на самы лепшы турыстычны прадукт на Падляшшы. Спаборніцтвы арганізавала Польская турыстычная арганізацыя. Цяпер стваральнікі фестывалю ў Чаромсе прымуць удзел у агульнапольскім этапе конкурсу.

“Пераможца атрымае магчымасць прамаваць свой прадукт на агульнапольскім узроўні”, – кажа дырэктар Падляшскай рэгіянальнай турыстычнай арганізацыі Малгажата Маслоўская:

– Уладальнікі першага месца і залатога сертыфікату будуць пададзены да ўдзелу ў агульнапольскім конкурсе. Фестываль мае вялікі патэнцыял. Ён вельмі рознабаковы, калі казаць пра нацыянальнасць удзельнікаў. Гэта выклікае цікавасць у турыстаў, які наведваюць наш рэгіён.

Фестываль культур і народаў  “З вясковага панадворку” арганізаваны сёлета ў 22 раз. Выступаюць тут самыя лепшыя выканаўцы музыкі фольк з Беларусі, Злучаных Штатаў, Францыі, Марока, Партугаліі, Аргентыны і Венесуэлы.

Лаўрэатамі турыстычнага конкурсу сталі таксама Музей сельскай гаспадаркі ў Цеханоўцы, Міжнародны фестываль Гайнаўскія Дні царкоўнай музыкі ды Кубак Польшчы па скандынаўскай хадзе ў Белавежскай пушчы. Вынікі агульнапольскага конкурсу дазнаемся ў пачатку 2018 году.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя