На Падляшшы заклікаюць да вакцынацыі супраць Ковід-19



Прышчапіцца ад каронавірусу заклікае ўсіх жыхароў бурмістр падляшскага горада Міхалова Марэк Назарка.

У кароткім відэа, размешчаным у facebook гміны Міхалова, бурмістр адзначае, што ў часы пандэміі вельмі важна паводзіць сябе адказна і прытрымлівацца ўсіх санітарных нормаў. Але гэтага недастаткова – кажа кіраўнік горада:

– У кожнага з нас магчымасць захварэць выклікае страх і перасцярогу: ці зможам мы атрымаць дапамогу, бо лячэнне ад каронавіруснай інфекцыі абмежаванае. Таму выглядае так, што адзіным рэцэптам з’яўляецца вакцына, стварэнне якой надало нам аптымізму. Я разумею, што кожны з нас мае сваё меркаванне адносна прышчэпак. Але на сённяшні дзень прышчэпка ад каронавірусу ёсць праявай адказнасці за здароўе ўсіх нас.

Таксама бурмістр звяртаецца да прэзідэнта Беластока Тадэвуша Трускаляскага, старасты Беластоцкага павета Яна Баляслава Пяркоўскага і дырэктара беластоцкага аддзялення TVP Яўгеніюша Шпакоўскага, каб яны падобным чынам заклікалі жыхароў да вакцынацыі супраць каронавірусу і размясцілі ў сацыяльных сетках відэа пад хэштэгам #podajdalej.

Беларускае Радыё Рацыя