На Падляшшы заклікаюць не быць абыякавымі



Моцныя маразы асабліва небяспечныя для бяздомных, якія знаходзяцца на вуліцах гарадоў.

„Бяздомныя асобы з Бельска і ваколіц магуць атрымаць дапамогу Павятовага цэнтра сацыяльнай дапамогі ў Браньску”, – кажа дырэктарка Павятовага цэнтра дапамогі сям’і:

– Калі асоба не будзе мець прытулку, то мы можам змясціць такую асобу ў Дом сацыяльнай дапамогі. Заява павінна паступіць з Гарадскога Цэнтра сацыяльнай дапамогі ў Бельску Падляшскім.

Дырэктар Цэнтра сацыяльнай дапамогі ў Бельску Падляшскім Анатоль Васілюк:

– Гарачы абед у гасцініцы, даем талоны, яны могуць пайсці ў прадуктовую краму. У Бельску няма дома для бяздомных, таму мы пасылаем іх у Беласток – у дом для бяздомных „Caritas”, аплачваем побыт.

У зімовы перыяд у Бельску праходзіць акцыя „Не будзь абыякавым”. Падчас яе паліцыянты кантралююць месцы побыту бяздомных асобаў ды па магчымасці аказваюць дапамогу.

Дапамагчы бяздомным можна таксама патэлефанаваўшы на нумар 112 або ў Ваяводскі цэнтр крызіснага кіравання – 800 444 989.

Мацей Рацінеўскі, Беларускае Радыё Рацыя