На Падляшшы змагаюцца за захаванне турыстычнага скарбу рэгіёну



На Падляшшы змагаюцца за захаванне турыстычнага скарбу рэгіёну – татарска-беларускай вёскі Крушыняны, размешчанай недалёка ад мяжы. Справа ў тым, што ў кіламетры ад вёскі запланаваны вялікі інвестыцыйны праект – будаўніцтва прамысловых куратнікаў, але супраць гэтага выступаюць мясцовыя жыхары і палітыкі.

“Крушыняны павінны трапіць у межы пашыранага Ландшафтнага парку Кнышынскай пушчы”. У гэтым перакананы дэпутат польскага Сейма ад Грамадзянскай кааліцыі Роберт Тышкевіч:

– Гэта скарб нашай гісторыі, нашай культуры. Гэта зямля польскіх татараў, якія шмат зрабілі для польскай незалежнасці, для польскай культуры. Гэта таксама тэрыторыя з вялікай прыроднай і экалагічнай значнасцю, якая прылягае непасрэдна да Кнышынскай пушчы. І гэты скарб прыроды, скарб культуры, надалей знаходзіцца пад пагрозай.

Паводле планаў інвестара, прамысловыя куратнікі блізу Крушынянаў маюць гадаваць прыкладна 800 тысяч бройлераў штогод. Як запэўніваюць у прэс-службе маршалка Падляшскага ваяводства, цяпер абмяркоўваецца пытанне адносна формы аховы Крушынянаў, вядзецца ацэнка прыроднай, гістарычнай і культурнай каштоўнасці гэтага рэгіёну.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя