На Падляшшы зменшылі колькасць дзікоў
На Падляшшы папуляцыя дзікоў зменшылася на 340 асобінаў. Да канца месяца гэтая лічба павінна дасягнуць 500.
200 тысяч злотых атрымаюць фермеры з абшараў, якім пагражае афрыканская чума свіней. Пра гэта паведамілі на прэс-канферэнцыі прысвечанай вынікам барацьбы з АЧС.
Па словах віцэ-маршалка Падляшскага ваяводства Ежы Ляшчынскага, патрэбныя змены ў заканадаўстве, каб вырашыць гэтую праблему:
– Міністэрства аховы навакольнага асароддзя забавязалася ўнесці змены ў закон пра паляўнічае права, а таксама пра стварэнне фонду, які б кампенсаваў паляўнічым таварыствам выдаткі, калі яны не маюць сродкаў на гэта. Гэтыя змены на сённяшні дзень не прынятыя, таму мы, як сеймік, ухвалілі адстрэл 500 штук у чырвонай зоне і выдаткавалі 200 тысяч злотых з уласнага бюджэту.
Адстрэл дзікоў, які фінансуецца з бюджэту, працягваецца ад сакавіка. За кожнага забітага дзіка паляўнічыя атрымліваюць па 400 злотых. Адстрэл вядзецца толькі ў небяспечнай чырвонай зоне, дзе сёлета было выяўлена 53 выпадкі афрыканскай чумы свіней.
Але яшчэ адна праблема застаецца нявырашанай – дзікі працягваюць наносіць шкоду фермерскім гаспадаркам, паведаміў Марэк Сініла з Падляшскай фермерскай палаты:
– Фермеры пацярпелі ад гэтага, асабліва на тэрыторыі Сакольскага павета. Адной з галоўных прычын распаўсюду афрыканскай чумы свіней з’яўляецца дзік. Шмат гадоў Падляшская фермерская палата прапаноўвала зменшыць пагалоўе дзікоў на нашай тэрыторыі. Яшчэ некалькі гадоў таму гэта не было такой вялікай праблемай, але цяпер пагалоўе дзікоў узрастае, і не ведаю чаму, але дзік упадабаў палі і лугі фермераў, а не лясы.
Як ужо паведамлялася, Еўразвяз дапамагае змагацца з афрыканскай чумой свіней і беларускім жывёлаводам. На гэтыя мэты будзе накіравана каля 1,5 мільярда еўра.
Антон Разумоўскі, Беларускае Радыё Рацыя