Падляшскія левыя асудзілі ўшанаванне памяці Райса “Бурага” (абноўлена)
Саюз левых дэмакратычных сілаў супраць ушанавання памяці Райса “Бурага”. Дзеячы падляшскага аддзялення Саюзу Кшыштаф Біль-Ярузэльскі ды Аркадыюш Вашкевіч асудзілі акцыю нацыяналістаў ONR, якія ў Бельску Падляшскім ды Гайнаўцы ўсталявалі ў некалькіх месцах банеры ў гонар Рамуальда Райса “Бурага”. Паводле Кшыштафа Біль-Ярузэльскага, маем дачыненне з правакацыяй:
– Розныя словы прыходзяць у галаву з нагоды вывешвання гэтых банераў у Бельску і Гайнаўцы, якія ўслаўляюць Рамуальда Райса “Бурага”. Гэта чалавек, на руках якога кроў невінаватых людзей, які здзейсніў злачынства – мае дачыненне да чалавеказабойства. І ён не быў асуджаны за гэта. Класічнае забойства некалькіх дзясяткаў чалавек з прычыны нянавісці да іх. Каля 70 невінаватых чалавек загінула ад яго рукі. Ён бандыт! І людзі на гэтай тэрыторыі добра памятаюць тое здарэнне і выдатна ведаюць, што Рамуальд Райс “Буры” – гэта забойца, а не герой.
Сёлета мінае 70 гадоў з часу жудаснай пацыфікацыі беларускіх вёсак на Беласточчыне аддзелам “Бурага”.
Хоць у 1995 годзе Рамуальда Райса “Бурага” рэабілітавалі, у 2005 годзе Інстытут нацыянальнай памяці знішчэнне праваслаўных беларускіх вёсак прызнаў злачынствам супраць чалавецтва.
* * *
У Бельску-Падляшскім ды Гайнаўцы з’явіліся транспаранты ў гонар Рамуальда Райса “Бурага”.
Банэры з лозунгамі “Rajs “Bury” ONR Pamięta!” і “KPT. “Bury” Nasz bohater ONR!” з’явіліся ў некалькіх месцах двух падляшскіх гарадоў. “Ужо з самай раніцы паведамілі нам пра гэта мясцовыя жыхары”, – расказвае галоўны рэдактар лакальнага тыднёвіка “Nowiny Podlaskie” Андрэй Здановіч:
– Паведаміў пра гэта ў паліцыю. Надпіс не заклікае да нянавісці, але відавочна, што згоды на тое, каб размясціць яго там, не было. Такія банэры з’явіліся ў Бельску і Гайнаўцы.
У студзені і лютым 1946 году Аддзел узброенага падполля пад камандаваннем Райса “Бурага” забіў 82-ух беларусаў, сярод якіх былі жанчыны і дзеці. У 1995 годзе Рамуальда Райса “Бурага” рэабілітавалі. У 2005 годзе Інстытут нацыянальнай памяці знішчэнне “Бурым” праваслаўных беларускіх вёсак прызнаў злачынствам супраць чалавецтва.
Давід Гайко, Беларускае Радыё Рацыя
Фота аўтара