На Падляшшы з’явіцца “беларуская вёска”
Больш за паўмільёна злотых атрымае Падляшскі музей народнай культуры на стварэнне так званай “беларускай вёскі”. У музеі пад адкрытым небам пад Беластокам неўзабаве з’явяцца старыя драўляныя будынкі з Чыжоў, Макаўкі ды Койлаў. Ужо цяпер у беларускім сектары такога музея можна пабачыць гумно з Рудутаў. Паводле дырэктара ўстановы Артура Гавэла, мэтава ўзнікне тут традыцыйная вёска з усходняга Падляшша.
– Гэтая частка музея пад адкрытым небам будзе складацца з 3-4 падворкаў, будуць жылыя і гаспадарчыя будынкі. Той, хто прыедзе ў гэты музей, зможа пабачыць, як вёска калісьці выглядала.
Грошы на першы этап прац над «беларускай вёскай» паходзяць ад маршалка Падляшскага ваяводства. Дафінансаванне атрымала таксама іншая маршалкоўская ўстанова – Опера і філармонія. За 250 тысяч злотых тут з’явіцца памяшканне для тэатральных касцюмаў.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
Фота gazeta.moakwasilkow.pl