На „Падляшскай актаве культур” выступяць 4 беларускія калектывы
12 міжнародны фестываль музыкі, мастацтва і фальклору „Падляшская актава культур” пройдзе з 24 па 28 ліпеня. 26 калектываў, больш за 670 удзельнікаў. Канцэрты адбудуцца не толькі на галоўнай сцэне ў Беластоку, а таксама у 34 мясцовасцях Падляшша.
Кажа кіраўнік ваяводскага асяродку анімацыі культуры Цэзарый Мелько:
– Перадусім гэта мастацкі ўзровень. Таму столькі калектываў у гэтым годзе маем. Стараемся падчас канцэртаў паказаць разнастайнасць нацыянальных культур. Кожны фестывальны дзень ўвечары будзе выступаць зорка. У нашым фестывалі бяруць удзел і аматарскія калектывы, і прафесійныя. Рэпертуар будзе вельмі багаты.
На фестываль упершыню прыедуць калектывы з Камеруна і Рэспублікі Тувы, будуць калектывы з Англіі ды Індыі.
Беларусь прадстаўлена рознабакова, арганізатары закваліфікавалі да ўдзелу ў фестывалі 4 калектывы. Кажа мастацакі дырэктар фестывалю Дарыюш Крышпінюк:
– Будуць беларускія калектывы, і маем, мяркую, шырокую прапанову. Бо з аднаго боку, маем наш беластоцкі калектыў “Падляшскі вянок”, а акрамя таго выступіць аркестр народных інструментаў з Ліды, прафесійны ансамбль песні і танца “Вязанка” з Менска і эстрадны калектыў “Купалінка”, таксама прафесійны, які дзейнічае пры Менскай філармоніі.
Акрамя асноўных выступаў падчас „Падляшскай актавы культур” прадугледжана шмат дадатковых мерапрыемстваў, між іншым патанцоўкі з гасцямі. Праграму выступаў у Беластоку ўжо можна знайсці на старонцы ваяводскага Асяродку анімацыі культуры – арганізатара фестывалю.
Мілана Вераснёва, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток