На памежжы з Беларуссю зноў зафіксавана чума свіней



На Сівершчыне, памежнай з Беларуссю, зноў зафіксаваная чума свіней. Пакуль хвароба жывёлаў выяўленая толькі ў Сосніцкім райне Чарнігаўскай вобласці.

Свінні

Украінскія ўлады спрабуюць выправіць сітуацыю.

Больш падрабязна распавядзе наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Пакуль гэта адзіны выпадак чумы свіней на Чарнігаўшчыне за апошнія два месяцы. Хвароба была выяўлена ў вёсцы Загрэбелле, што блізка райцэнтра Сосніца, у дзевяноста чатырох кіламетрах ад беларускай мяжы. У фермерскай гаспадарцы, дзе гадавалася 81 свіння, знянацку захварэлі і сканалі двое жывёлаў. Фермер выклікаў ветэрынараў, якія і паставілі дыягназ.

Паводле інструкцыі, у падобных выпадках усё свінскае пагалоўе падлягае неадкладнаму знішчэнню, а фермерская гаспадарка абвяшчаецца каранціннай зонай на сорак дзён. Што і было зроблена.

Пакуль невядома, якім чынам распаўсюджваецца афрыканская чума свіней. Паводле адной версіі, яе пераносяць пацукі, паводле іншай – дзікі.

Беларусь забараніла ўвоз украінскай свініны яшчэ сёлета ў траўні. За парушэнне забароны накладаецца штраф у 20 базавых велічынь.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя