На Свяце беларускай культуры ў Беластоку луналі бел-чырвона-белыя сцягі



На Свяце беларускай культуры ў Беластоку луналі бел-чырвона-белыя сцягі. Такім чынам прадстаўнікі беларускай дыяспары паказалі сваё стаўленне да прысутнасці на свяце беларускіх дыпламатаў. Падрабязнасці – у каментары Яны Запольскай.

Традыцыйнае Свята беларускай культуры прайшло 20 чэрвеня ў Беластоку, якое арганізавала галоўная ўправа Беларускага грамадска-культурнага таварыства. У цэнтры горада, у прыгожым і папулярным сярод гараджан парку Плянты, на сцэне выступілі беларускія аматарскія калектывы з Падляшша, можна было сустрэцца з беларускімі літаратарамі, былі і народныя майстры. Людзі былі, але не так і зашмат. Яно і вядома: калі на дварэ больш за 30 градусаў, то сядзець на сонцы і слухаць канцэрт – кепская справа. Да таго ж нядзеля, то многія імкнуцца выехаць з горада і забыць хоць ненадоўга пра нагрэты асфальт. Але афіцыйныя прадстаўнікі Беларусі, прадстаўнікі дыпламатычных пляцовак, мелі абавязак прысутнічаць і яго адказна выконвалі, седзячы ў першым шэрагу. Праўда, да спякоты, якая выклікала ў іх, верагодна, пэўныя фізічныя пакуты, дадаліся яшчэ пакуты маральна-ідэалагічнага кшталту. Справа ў тым, што прадстаўнікі беларускай дыяспары таксама прыйшлі на свята, і прыйшлі падрыхтаваныя. Як ужо свята беларускай культуры, дык маюць на ім быць і нацыянальныя бел-чырвона-белыя сцягі. Дарэчы, пасольства Беларусі ў Польшчы аказала фінансавую падтрымку ў арганізацыі імпрэзы. Вось што з гэтай нагоды сказала журналістам валанцёрка фонду “Беларусь 2020” Юлія Косціна: “Мы ведаем, якая цяпер цяжкая сітуацыя беларускай культуры ў самой Беларусі, а яны тут удзельнічаюць у мерапрыемстве, якое прэзентуе беларускую культуру. З іншага боку, беларускія дзеячы ў Польшчы не павінны прымаць ад іх такой дапамогі, бо гэта крывавыя грошы”.

Дарэчы, на гэтым непрыемнасці афіцыйных прадстаўнікоў не скончыліся, бо на завяршэнне канцэрту, падчас выступу гурта “Прымакі”, салістка Яна Латушка выйшла на сцэну з бел-чырвона-белым сцягам. Каментуючы гэты факт пад здымкамі ў фэйсбуку, адзін з вядомых прадстаўнікоў беларускай нацыянальнай меншасці ў Польшчы напісаў: “Крыху смешна, і крыху страшна. Каб палітыка зусім не задушыла беларусаў на Падляшшы”.

І тут варта задумацца. А чаму беларусам Падляшша меў бы замінаць бел-чырвона-белы сцяг на сцэне Свята беларускай культуры? І ці можна сядзець побач з афіцыйнымі прадстаўнікамі Беларусі, радуючыся таму, як мясцовыя беларусы таньчаць і спяваюць. Бо што, іншага ім не дазволена? Песні, “пляскі”, ну можа вершы пачытаць і ўсё? Каб крый божа, які консул не пакрыўдзіўся? Не, даражэнькія. Жывучы на Падляшшы ўжо больш за 13 гадоў, адношу і сябе да падляшскіх беларусаў. І пад такім не падпісваюся. Трэба ўжо ўрэшце вызначыцца: або з нацыянальным сцягам на сцэне і з высока паднятай галавой, або ў консула пад спадніцай “пляскаць у ладкі”. Так цяпер склалася, што заставацца па-за працэсам ужо не атрымаецца.

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя