На тэму літаратуры беларускіх, польскіх і літоўскіх татараў гавораць у Беластоку



У будынку Падляшскай бібліятэкі сабраліся навукоўцы з розных краін, якія адзначаюць, што татарская літаратура застаецца малавядомай, а хавае ў сабе сапраўдныя скарбы.

[Not a valid template]

Міхаіл Тарэлка з Інстытута мовы і літаратуры Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі апошнія дзесяць гадоў займаецца рукапісамі беларускіх татараў. Навуковец адзначае, што гэтыя рукапісы – шматмоўныя: там ёсць тэксты на арабскай, цюрскіх, польскай, а таксама беларускай мовах:

– Таму што ў 17-ым стагоддзі гэтая мова стала роднай для татараў. З 17-га стагоддзя захавалася не шмат – 3-4 рукапісы. Наогул мне зараз вядома, што ёсць каля 300 рукапісаў – у Беларусі, Літве, Польшчы і нават у Нямеччыне і ў Велікабрытаніі пераважна рэлігійнага характару, ёсць слоўнікі, тэксты дыдактычнага характару, але пераважна рэлігійнага зместу.

Канферэнцыя на тэму “Эстэтычныя аспекты літаратуры польскіх, беларускіх і літоўскіх татараў” працягнецца ў 15 лістапада.

Удзельнікі наведаюць Саколку, а таксама Багонікі і Крушыняны – гэта дзве мясцовасці на Падляшшы, дзе і цяпер пражываюць татары і дзейнічаюць мячэці.

Яна Запольская. Беларуская Радыё Рацыя