На тэрыторыю ДНР і ЛНР масава завозяцца беларускія тавары
Нягледзячы на тое, што афіцыйны Менск не вызнае самаагалошаныя ДНР і ЛНР, на тэрыторыю непрызнаных рэспублік масава завозяцца беларускія тавары.
У крамах Данецка і Луганска тавараў беларускай вытворчасці апошнім разам значна пабольшала, і гэта нягледзячы на шматлікія ўкраінскія блакпосты на лініі размежавання. Гэта найперi сгушчанае малако Рагачоўскага малочна-кансервавага камбіната, а таксама берасцейскае піва, менскія цыгарэты і бытавая хімія розных беларускіх вытворцаў.
Гандлёвыя менеджэры беларускіх прадпрыемстваў, чые тавары прадстаўленыя на тэрыторыях непрызнаных рэспублік, сцярджаюць, што непасрэдным экспартам прадукцыі яны не займаюцца і што калі такія тавары і трапляюць у Данецкую ці Луганскую вобласць, то выключна праз Расейскую Федэрацыю. Але, напрыклад, у тым жа Данецку бабруйскае піва “Баброў” прадаецца з беларускімі, а не расейскімі акцызамі, і гэта абвяргае праўдзівасць гэтых сцвярджэнняў.
Афіцыйны Кіеў пакуль ніяк не рэагуе на такія эканамічныя кантакты.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя