На ўкраінска-беларускай мяжы затрымалі незаконных мігрантаў



На ўкраінска-беларускай мяжы зліквідаваны міжнародны транзіты канал, па якім незаконныя мігранты праз Беларусь і Прыбалтыку перапраўляліся ў краіны Скандынавіі. Пра гэта паведамляе прэсавая служба Дзяржаўнай памежнай службы Украіны.

Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.

Падчас планавых аператыўных мерапрыемстваў памежнікі Жытомірскага атрада затрымалі ў памежнай зоне трох грамадзянаў Шры-Ланкі. Пашпарты былі толькі ў дваіх, трэці меў пры сабе часовае пасведчанне асобы. Усе трое знаходзіліся ў аўтамабілі з украінскай рэгістрацыяй, разам з двума грамадзянамі Украіны з Ноўгарад-Валынскага, што на Жытоміршчыне. Украінцы ўвогуле не мелі з сабой ніякіх дакументаў, у тым ліку і на аўтамабіль. Машына была спыненая ў непасрэднай блізкасці ад украінска-беларускай мяжы.

У Дзяржаўнай памежнай службе Украіны мяркуюць, што затрыманыя жыхары Ноўгарад-Валынскага  – толькі частка злачыннай групоўкі, якая займалася сістэмнай перапраўкай нелегальных мігрантаў праз украінска-беларускую мяжу.

Па выніках затрымання пачатая крымінальная справа. Украінскія памежнікі разам з Нацыянальнай паліцыяй пачалі следча-вышуковую працу для затрымання ўсяго складу злачыннай групоўкі.

Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Украіна

Фота news.bigmir.net