На ўкраінска-беларускім сумежжы гараць тарфянікі
Нягледзячы на вільготнае надвор’е, пажары распаўсюджваюцца з вялікай хуткасцю, і нават дажджы не могуць іх згасіць. Асяродкі ўзгаранняў знаходзяцца ў цяжкадаступных для супрацьпажарнай тэхнікі раёне балатоў, і таму адпаведныя службы не адразу лакалізуюць агонь.
Чарговыя пажары тарфянікаў пачаліся ў Дубровіцкім раёне Ровенскай вобласці. Гэтым разам узгаранне адбылося амаль непасрэдна на лініі ўкраінска-беларускай мяжы. Плошча пажара склала амаль два кіламетры ўздоўж дзяржаўнай мяжы і больш чым 500 метраў у бок Украіны.
Пажар зафіксавалі памежнікі Луцкага атраду, якія адразу паінфармавалі пра яго ў адпаведную службу Міністэрства надзвычайных сітуацый Украіны, а таксама беларускім памежнікам. Цягам дзвюх гадзінаў пажар быў лакалізаваны сумеснымі намаганнямі ўкраінскіх і беларускіх пажарных.
Прычынамі пажараў на тарфяніках можа быць нядбайнае абыходжанне з агнём, а таксама свядомыя падпалы торфу.
Тым часам гараць тарфянікі і ў Кіеўскай вобласці, у тым ліку і непадалёк беларускай мяжы. У Міністэрстве надзвычайных спраў Украіны нарахавалі 17 асяродкаў агня агульнай плошчай каля 107 гектараў.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя