У Раду павета Бельска зафіксавана звыш 13% несапраўдных галасоў (абнаўляецца)



Жыхары Бельскага павету на выбарах у мясцовае самакіраванне аддалі перавагу малым лакальным камітэтам. 4 мандаты ў Раду трапілі да „Бельскай кааліцыі”, 5  – да “Нашага Подляшша”, 4 мандаты атрымаў камітэт Польскай сялянскай партыі, 3 мандаты трапяць да кандыдатаў Права і справядлівасці і адзін мандат для сацыялдэмакратаў. „Нарэшце спрацавала сістэма і падлічыла галасы,” – сказаў старшыня камітэту „Бельскай кааліцыі” Пятро Божко:

– З горада Бельска тры чалавекі – мая асоба, Васіль Ляшчынскі, Мар’я Рыжык, з гіны Орля Міраслаў Балло. Да нас даходзяць такія звесткі, што вельмі многа людзей, якія галасавалі, не знайшлі сваіх кандыдатаў, паставілі альбо на першую старонку крыжыкі, галасы пайшлі на PSL, або ставілі крыжыкі на пятай старонцы, тады голас быў несапраўдны, і несапраўдных галасоў у нашым павеце было аж 3261 голас.

Выбарчая яўка ў Бельскім павеце дасягнула 52-х адсоткаў. Упершыню на выбарах у самакіраванне ў Раду павета Бельска зафіксавана звыш 13 адсоткаў несапраўдных галасоў.

* * *

Польская сялянская партыя перамагла на выбарах у Раду Гайнаўскага павета. Пра гэта паведаміла намеснік старшыні павятовай выбарчай камісіі у Гайнаўцы Мар’я Аверчук.

Агулам у 17-асабовай радзе павета будуць прадстаўнікі чатырох выбарчых камітэтаў:

– Перамагла “PSL” – 8 мандатаў, “PiS” – 1 мандат, “PO” – 1 мандат, і 7 мандатаў “Komitet Wyborczy Wyborców Porozumienie Samorządowe Ziemia Hajnowska”.

У сваю чаргу дагэтуль Гайнаўская павятовая выбарчая камісія не пераслала пратакол з вынікамі выбараў у ваяводскі сеймік. Спазненне звязанае з праблемамі ў працы электроннай сістэмы падліку галасоў.

* * *

Чарговасць спісаў паасобных партыяў і арганізацыяў, якія прымалі ўдзел у выбарах вызначалася ў Варшаве, такім чынам буйныя партыі атрымалі пачатковыя нумары, а такі малы камітэт, як Бельская кааліцыя, апынуўся на самым канцы, –  гаворыць Пётр Божко.

 – Лакальны камітэт наш не мае шансаў у параўнанні з іншымі партыямі. Старэйшыя людзі не ведалі, як галасаваць. Многія галасы аказаліся несапраўднымі. Людзі на адной старонцы ставілі адзін крыжык. Мы будзем пісаць ліст да Цэнтральнай выбарчай камісіі, што такога не можа быць на наступных выбарах.

Бельская кааліцыя ў выбарах у павет разлічвала прынамсі на 5 мандатаў. Колькі іх атрымае далей невядома, паколькі падлік галасоў ў ваяводскія соймікі і рады павету далей не завершаны. Выбары ў мясцовае самакіраванне ў Польшчы прайшлі 16 лістапада.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Цэнтральная Выбарчая Камісія Польшчы пацвердзіла інфармацыю пра ўзлом яе сайта.  Адначасова адзначаецца, што  сайт польскай ЦВК працуе ў іншым сеціве і вынікі мясцовых выбараў не падвяргаюцца ніякай іншай пагрозе.  Пра неаўтарызаваны доступ да базы дадзеных інтэрнэт-старонкі ЦВК  паведаміла ўжо Агенства Унутранай Бяспекі (ABW).  ЦВК заблакавала доступ да сеткі звонку і даручыла неадкладную змену пароляў усіх супрацоўнікаў. Адначасова ЦВК Польшчы паведамляе, што падлік галасоў вядзецца незалежна ад доступу да інтэрнэт-старонкі.

Нагадаем, што ў нядзелю, 19 лістапада, ў Польшчы адбыліся мясцовыя выбары. У сувязі з праблемай інтэрнэт-сістэмы ЦВК для падліку галасоў афіцыйныя вынікі галасавання яшчэ не агучваюцца.

* * *

Сталі вядомыя першыя прозвішчы сябраў новай Гарадской управы Беластока.

Ад партыі „Права і справядлівасць” абраныя Пётр Янкоўскі, Катажына Семенюк, Яцэк Ханька ды Марыюш Громка. Усяго ж у склад управы ўвойдзе 15 асобаў.

Прадстаўнікамі „Грамадзянскай платформы”, якая атрымала ў радзе 6 месцаў, будуць Мацей Бернацкі і Марэк Хайноўскі. З камітэта прэзідэнта Трускаляскага перамогу атрымалі Рафал Рудніцкі, Анна Кетлінска, Адам Полінскі і сам Тадэвуш Трускаласкі.

Пакуль афіцыйна невядома ці будуць у радзе прадстаўнікі „Форума падляшскіх меншасцяў”, кажа сябра форума Стэфан Нікіцюк:

– Гэта ўсё залежыць ад нашых людзей, якія павінны нас шукаць у спісках “Платформы”, і ведалі, што мы на другім месцы. Калі б “Платформа” ў нас мела прыкладна восем мандатаў, то можа быць так, што прадстаўнікоў „Форума падляшскіх меншасцяў” можа быць тры, як было.

Ва ўправу горада „Форум падляшскіх меншасцяў” выставіў 5 кандыдатаў. Паводле неафіцыйнай інфармацыі ва ўправу ад „Форума” трапіў толькі Славамір Назарук.

* * *

Няма яшчэ вынікаў выбараў у Раду павета ў Бельску Падляшскім. Інфарматыўная сістэма не спрацавала і камісія чакае рашэння, як лічыць галасы, паведаміў віцэ-стараста Бельскага павета Пётр Божко:

– Пакуль нічога невядома. Не ведаем вынікаў выбараў. Камісія чакае рашэння, што мае зрабіць: пачаць лічыць галасы, ці чакаць, калі запрацуе інфарматыўная сістэма падліку. Застаецца толькі чакаць. Вельмі недэмакратычная сістэма была падчас гэтых выбараў. Бо ёсць цэнтральныя лісты, ваяводскія. І лакальныя камітэты, як наш, не маюць шанцаў, бо іх нумары на лісце лёсаваны ў Варшаве. Таму першае месца ў гэтых выбарах мела Польская сялянская партыя.

Пётр Божко, які таксама з’яўляецца старшынём камітэта Бельскай кааліцыі, адзначыў, што яны разлічваюць толькі на 4 мандаты.

Дзяржаўная выбарчая камісія Польшчы паведаміла, што яна мае праблемы з падсумаваннем вынікаў мясцовых выбараў з-за аварыі сістэмы падліку галасоў. Да гэтага часу невядомыя вынікі галасавання ў Рады паветаў і Ваяводскія сеймікі.

* * *

Партыя “Права і справядлівасць” перамагла на выбарах у соймік Падляшскага ваяводства.

Паводле неафіцыйных дадзеных “ПіС” набраў на Падляшшы 30% галасоў. Другое месца ў “Грамадзянскай платформы” – 25%. Пакуль невядома як выглядае сітуацыя з “Польская сялянскай партыяй”, якая магла набраць да 40% галасоў у ваяводстве.

Цэнтрвыбаркам пакуль не прадставіў дадзеных з гарадоў, у прыватнасці з Беластока і Ломжы, дзе “Сялянская партыя” традыцыйна не мае вялікай падтрымкі, кажа кандыдат у соймік ад “Польскай сялянскай партыі” Мікола Яноўскі:

– Левыя не будуць мець ніводнага мандату на Падляшшы. Рух, які з ініцыятывы левых – Пятрочука і Чыквіна падзяліў выбарчыя акругі нанова, давядзе да таго, што можа не быць ніводнай асобы з меншасці.

Перад выбарамі выбарчыя акругі ў соймік былі змененыя. З Беластоцкім, Бельскім, Гайнаўскім і Сямятыцкім паветамі, дзе пражываюць беларусы, у адной адной акрузе апынуўся Замбраўскі павет.

* * *

Адбудзецца другі тур выбараў прэзідэнта Беластока. Цяперашні прэзідэнт Тадэвуш Трускаляскі атрымаў каля 49% галасоў. Услед за ім – кандыдат ад партыі „Права і справядлівасць” Ян Дабжынскі, за якога прагаласавала 36% беластачан.

Пакуль невядомыя вынікі выбараў ва ўправу горада, але як мяркуе Сцяпан Нікіцюк з Форума падляшскіх меншасцяў у Беластоку, перамогуць правыя сілы – „Права і справядлівасць”:

– У нас у Беластоку моцныя правыя заўсёды былі, бліжэй да ПіС. Калі гэтыя краёвыя вынікі пацвердзяцца, то можа быць, што нашых людзей будзе менш у радзе Беластока, а таксама магчыма і ва ўсходніх гмінах.

Ва ўправу горада балатаваліся пяць кандыдатаў ад Форума падляшскіх меншасцяў, яны стартавалі са спісаў „Грамадзянскай платформы”. Сябры Форума разлічваюць як мінімум на адно дэпутацкае карэсла ў будучай радзе горада.

* * *

Выбарчы камітэт “Малая бацькаўшчына” атрымаў большасць мандатаў ва ўправе горада Міхалова. Палітыкі звязаныя з бурмістрам Маркам Назаркам атрымалі 9 месцаў з 15.

Марэк Назарка перамог свайго суперніка Уладзіміра Кананчука з мінімальнай колькасцю галасоў. Праз два тыдні ў Міхалове адбудзецца другі тур выбараў, кажа Марэк Назарка:

– 44% у мяне было, амаль 42% у мойго канкурэнта, таму толькі 2% розніцы.

Ва ўправу горада Міхалова 6 асобаў правёў Уладзімір Кананчук – супернік Марэка Назаркі. У складзе новай рады горада таксама апынуўся незалежны кандыдат Яўген Нос.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

27 гадоў кіруе гмінай і будзе яшчэ кіраваць, прынамсі чатыры гады. Мікалай Павільч быў абраны на чарговы тэрмін на пасадзе войта гміны Нараўка.

У выбарах 16-га лістапала ён перамог Даніеля Аніскевіча, набіраючы амаль семдзясят працэнтаў галасоў выбаршчыкаў:

Многа зрабіў, і яшчэ многа можа зрабіць!

 – За нашага войта, пана Мікалая, Ён заўсёды добры, заўсёды дапаможа.

 – Мы яго ведаем шмат гадоў.

 – Мы на свайго войта не наракаем. Ён сапраўды шмат што робіць. Добры войт.

 – Па ўчынках папярэдніх ведаем мы войта.

Выбарчая яўка ў гміне Нараўка склала пяцьдзесят тры працэнты. А Мікалай Павільч займае пасаду войта Нараўкі ад пачатку яе існавання, раней яшчэ пры Народнай Польшчы з 87 года быў начальнікам гміны.

Радаслаў Дамброўскі,Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Бельск-Падляшскі мае ўжо свайго бургамістра, ім стаў беларус Яраслаў Бароўскі, які атрымаў звыш 50% галасоў. Войтам гміны Бельска-Падляшскага застаецца на чарговы тэрмін Раіса Раецкая , якая стартавала з “Нашага Падляшша”. Пакуль няма яшчэ дадзеных па выбарах ў Бельскі павет, кажа віцэстараста і старшыня Бельскай кааліцыі Пятро Божко:

 – Войты ўжо выбраныя ў гміне Орля – гэта Пётр Сэльвесюк, у гміне Боцькі і ў гміне Рудка. Другі тур будзе ў Браньску і ў Вышках.

У Орлі Бельская кааліцыя здабыла 9 мандатаў з 15 магчымых  ва ўправу. Кааліцыя Бельска падтрымлівала таксама кандыдатуру Пятра Сэльвясюка, які застаецца на чарговы тэрмін:

– Атрымалі каля 70%, не маем пакуль канчатковых вынікаў. Тое, што будзем рабіць цягам наступнага тэрміну, будзе залежаць у першую чаргу ад Рады гміны. У нас выбрана новая Рада. Перадусім, думаю, трэба пабудаваць Цэнтр культуры, якога ў нас няма, але які мусіць быць.

На Падляшшы выбарчая яўка дасягнула 48%. Другі тур выбараў у войты, бургамістры і прэзідэнты пройдзе 30 лістапада.

* * *

“Права і справядлівасць” найбольш галасоў атрымала ў ваяводствах Падкарпацкім, Малапольскім і Люблінскім. “Грамадзянская платформа” найбольш галасоў атрымала на Памор’і, сацыял-дэмакраты – ў Любаўскім ваяводстве, пра гэта паведаміў прадстаўнік Цэнтрвыбаркама. Ёсць ўжо вынікі па Беластоку:

– Калі весці размову пра выбары прэзідэнта Беластока, то маем апрацаванымі 100% пратаколаў. Тадэвуш Трускаляскі набраў 49, 37%. На другім месцы Ян Дабжыньскі – 34, 16%.

Такім чынам, Беласток чакае другі тур выбараў, які запланаваны на 30-га лістапада.

* * *

Партыя “Права і справядлівасць” перамагла выбары ў самакіраванне ў Польшчы. Паводле неафіцыйных дадзеных, партыя Яраслава Качыньскага атрымала 32,5% галасоў. Другое месца з 27%  падтрымкай атрымала кіруючая Польшчай “Грамадзянская платформа”.

У Падляшскім ваяводстве выбары ў соймік перамагла партыя “Права і Справядлівасць”, – заваёўваючы 30% галасоў. Цяжкая праца і добрая выбарчая праграма заўсёды прыносіць вынікі, кажа кандыдат у соймік ад імя “ПіС” Яніна Чыжэўская:

– Гэта не выйгрыш у латэрэю. Гэта вынік нашай працы. Як будзем ведаць дакладныя вынікі, тады будзем весці размову пра кааліцыю. Зараз мы ведаем, што маем большасць, але не ведаем колькі атрымаем мандатаў.

Частковыя вынікі выбараў у соймік ваяводства будуць вядомыя яшчэ сёння. А хто стане прэзідэнтам сталіцы Падляшша? Пасля пералічэння каля 70% картаў для галасавання перамагае Тадэвуш Трускаляскі  з амаль 50%  падтрымкай.

* * *

Ёсць у спісах – адсутнічаюць на ўчастках. Значная частка маладых людзей, якія ўненсеныя ў спісы выбаршчыкаў, не прымаюць удзелу ў выбарах, бо фактычна пражываюць у іншых мясцовасцях. Гэта характэрна для малых, эканамічна  не развітых раёнаў, гаворыць старшыня выбарчага ўчастка ў Ляўкове Старым Яўген Смольскі:

– Маем адмысловыя лісты, на якіх фігуруюць маладыя людзі, якія тут не пражываюць.

Выбарчая камісія №2, Нараўка, Анатоль Бароўскі:

– Ёсць выбаршчыкі, якія пазначаныя ў спісах, але яны не прыязджаюць галасаваць, бо не хочацца ехаць сюды з Беластоку. Ёсць такія, што прыязджаюць, але іх няшмат.

Павдоле польскага выбарчага заканадаўства, грамадзянін можа прагаласаваць у самаўрадавых выбарах у месцы рэгістрацыі. Можа, адпаведна раней, дапісацца да спісу выбаршчыкаў у іншай мясцовасці, але мусіць даказаць, што гэтая мясцовасць з’яўляецца месцам ягонага пастаянннага пражывання.

Радэк Дамброўскі, Беларускае Радыё Рацыя

* * *

Партыя „Права і справядлівасць”  апярэдзіла „Грамадзянскую платформу” ў выбарах ў мясцовае самакіраванне ў большасці раёнаў Польшчы. Найвышэйшыя паказчыкі для „Права і справядлівасці” ва ўсходняй і паўднёва-ўсходняй Польшчы. Адзін з нешматлікіх раёнаў, дзе прайграе „Права і справядлівасць” Слёнзкае ваяводства. Паводле частковых дадзеных у выбарах на пасаду прэзідэнта Беластока перамагае Тадэвуш Трускаляскі, паведаміў прадстаўнік цэнтрвыбаркама.

– У Беластоку зацверджана 77, 98% пратаколаў. Па папярэдніх выніках Тадэвуш Трускаляскі набірае  49, 38%.

Калі ніводзін з кандыдатаў не набыярэ 50 адсоткаў галасоў у першым туры, то 30 лістапада пройдзе другі тур выбараў.

Выбарчая яўка на Падляшшы была вышэйшая чым па ўсёй краіне і дасягнула 48 адсоткаў.

* * *

У Беластоку жыхары галасуюць за кандыдатаў ва ўправу горада і выбіраюць прэзідэнта. Перад беластоцкімі выбарчымі камісіямі шмат людзей. Большасць ставіцца да сёлетніх выбараў вельмі сведама і сурёзна:

– Хочам, каб гэта быў чалавек, які будзе кіравацца інтарэсамі горада, а не нейкімі партыйнымі інтарэсамі. – Трэба выбраць прэзідэнта і дастойных радных.

Выбары ў самакіраванне адрозніваюцца ад парламенцкіх тым, што справы, якімі займаюцца чальцы мясцовых управаў, блізкія людзям, кажуць жыхары Падляшша:

– Мы гэтых кандыдатаў ведаем лепш, чым кандыдатаў у парламент.

– Выбары ў самакіраванне ўплываюць непасрэдна на нашае жыццё і людзей, якія тут жывуць. А парламенцкія датычаць усяго грамадства.

На выбарчых участках кожны атрымоўвае тры лісты для галасвання – ў гмінную ўправу, павет і ў ваяводскі соймік. А аддаць свой голас можна яшчэ да 21 гадзіны.

* * *

Сёння ў Польшчы абіраюць мясцовае самакіраванне. Жыхары Падляшша і іншых рэгіёнаў выбіраюць чальцоў гмінных управаў, старастваў, ваяводскіх соймікаў, а таксама войтаў, бургамістраў і прэзідэнтаў гарадоў. У Грабоўцы, што ў гміне Супрасль, многія галасуюць за кандыдатаў, якія забяспечаць справядлівы падзел грошай для кожнай мясцовасці:

– Мы жывём тут не так даўно, таму дрэнна арыентуемся ў кандыдатах. Мы мелі спаткане з адным з іх, які па-просту нас пераканаў. – Мы з гэтай гміны, таму добра ведаем кандыдатаў і іх праграмы.

Выбарчыя камісіі будуць працаваць да 21 гадзіны. Кожны выбаршчык павінен мець з сабой дакумент са здымкам.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Грабоўка

* * *

„Самы важны выбар – выбар войта і гмінных райцаў,” – мяркуюць выбаршчыкі ў гміне Нараўка, дзе знаходзіцца наш карэспандэнт Радэк Дамброўскі:

– Людзі выбіраюць прадстаўнікоў улады у сваіх малых айчынах, разумеючы, што рашэнні, якія яны прымаюць, датычаць непасрэдна іх. Тым больш, што гмінных райцаў выбіраюць у аднамандатных выбарчых акругах. А гэта, паводле старшыні выбарчай камісіі ў Ляўкове, магчыма ўплывае на большую яўку, чым у папярэднія гады, якая яшчэ да поўдня склала 25% і людзі надалей прыходзяць на выбарчыя ўчасткі. Пераважаюць выбаршчыкі сталага ўзросту, гэта з’яўляецца вынікам таго, што маладыя людзі звычайна толькі зарэгістраваныя ў гміне Нараўка, а жывуць па-за яе межамі. А як вядома ў самаўрадавых выбарах немагчыма галасаваць у не сваіх акругах. Ва ўчастках у Ляўкове і Нараўцы парушэнняў выбарчага працэсу не зафіксавана. Таму, відаць, галасаванне завершыцца згодна з планам.

Беларускае Радыё Рацыя, Нараўка

* * *

У Гайнаўскім павеце ўсе выбарчыя ўчасткі працуюць адпаведна заканадаўчым правілам, ніякіх парушэнняў або недакладнасцяў на ўчастках на гэты момант не адзначалася. IMG_3702 Пра гэта нашаму радыё распавёў чалец павятовай камісіі Віктар Кавальскі:

– На гэты час усё ідзе добра, ніякіх парушэнняў, усе ўчасткі для галасавання адкрытыя.

Збігнеў Чарнецкі:

– На тэрыторыі гміны Гайнаўка працуе 15 выбарчых участкаў, дзе жыхары горада могуць прагаласаваць.

У самым горадзе Гайнаўка працуе 15 выбарчых участкаў, права ўдзелу ў выбарах маюць крыху больш за 18 тысяч гайнавян з амаль 21,5 тысячаў жыхароў. У вясковай гміне Гайнаўка пражывае 4 тысячы 101 чалавек, удзел у выбарах могуць прыняць 3 тысячы 491 жыхар. [Not a valid template]

Яна Запольская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота аўтара * * *

Беларус Яраслаў Бароўскі абраны бургамістрам Бельска

jaraslau

РР: Віншуем! Вам было нялёгка, бо ў адрозненне ад суседняй Гайнаўкі, дзе быў адзін кандыдат, у Бельску іх было некалькі. Тым больш цэнная гэтая перамога. Вы першы раз балатаваліся і адразу такая перамога, але ў мясцовай палітыцы Вы не навічок.

Яраслаў Бароўскі: Так, я ўжо чатыры гады быў радным гарадскога Савета і адзін год выконваючым функцыі бургаміста павета. Мяркую, што тая праграма, якую Бельская кааліцыя і я прапанавалі нашым жыхарам, найбольш ім спадабалася.

РР: Што, паводле Вас, патрэбна Бельску, што плануеце зрабіць перш-наперш для горада і ягоных жыхароў?

Яраслаў Бароўскі: Гэта не толькі мая перамога, акрамя гэтага, мы маем 9 радных у гарадскім Савеце. Такога выніку мы не мелі ўжо шмат гадоў. Наш выбарчы лозунг: “ Новы погляд на горад”. Гэта значыць, што пазаўрадавыя арганізацыі, таварыствы, простыя людзі могуць прапанаваць свае ідэі, а задача гарадской улады знайсці сродкі для ажыццяўлення гэтых помыслаў.

Яшчэ з пачатку мінулага года мы імкнуліся паказаць, што гэта не аўтарытарная ўлада, а ўлада, адкрытая для людей. Людзі прапанавалі 23 праекты, 17 з іх ухвалілі, звыш 2600 чалавек прагаласавала за гэтыя праекты. Гэта паказвае, што жыхары Бельска хочуць прымаць актыўны ўдзел у жыцці горада.

Хачу таксама адзначыць, што з 6 кандыдатаў на пасаду бургамістра 3 першыя месцы у выбарах занялі кандыдаты ад невялікіх лакальных камітэтаў. Гэта не былі кандыдаты ад партый. Гэта паказвае, што наш горад не хоча партый, а хоча тых, хто жыве ў гэтым горадзе, і мае свой погляд на тое, як гэты горад мусіць развівацца. Таксама і ў гарадскім Савеце ў нас будзе толькі 5 партыйных кандыдатаў, 16 кандыдатаў непартыйных. Гэта таксама паказвае, што мы не хочам ні з кім сварыцца, мы хочам рабіць добрую справу у гэтым горадзе для яго жыхароў. І нельга забываць пра суседзяў, пра Орлю, пра Чыжы, нам трэба супрацоўнічаць.

РР: Як Вы збіраецеся наблізіць уладу да людзей, каб ваш выбарчы лозунг цалкам ажыццявіць?

Яраслаў Бароўскі: Так, лозунг – гэта толькі словы. А патрэбныя справы. На наступным тыдні маем спатканне з пазаўрадавымі арганізацыямі і хочам стварыць Савет грамадскай карысці. Такія аб’яднанні ўжо існуюць у некаторых гарадах, і яны дапамагаюць грамадскім арганізацыям супольна гаварыць пра іхныя праблемы. У нас існуе звыш 70 арганізацый, але яны існуюць паасобку. А калі будзем мець такі Савет, ім будзе прасцей браць удзел у конкурсах, атрымліваць датацый ад ЕЗ і так далей. У студзені будзе спатканне з жыхарамі горада на тэму бюджэта на 2015 год. Слухаем тое, што гавораць жыхары горада, і па нашых магчымасцях будзем рэалізоўваць.

Кантакт з людзьмі, выкарыстанне іх патэнцыялу, энтузіязму і празрыстасць улады – дэкларуе Яраслаў Бароўскі, новаабраны бургамістр Бельска-Падляшскага.

З Яраславам Бароўскім гутарыў Мікола Ваўранюк, Беларускае Радыё Рацыя

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле

* * *

Паводле яшчэ неафіцыйных вынікаў выбараў, у Бельску Падляшскім перамагае Бельская кааліцыя. Як паведаміў Пятро Божко, кандыдат на бургамістра ад Бельскай кааліцыі Яраслаў Бароўскі выйграе ў першым туры ўпершыню ад 2002 года:

Перамог у выбарах наш кандыдат Яраслаў Бароўскі. Ён атрымаў 5200 галасоў. На другім месцы на нашым Падляшшы быў Раман Марганьскі, які атрымаў амаль 2100 галасоў. У выбарах у Гарадскую раду таксама перамагла Бельская кааліцыя. У Гарадской радзе ёсць 21 дэпутат, з іх 9 – ад нашай Бельскай кааліцыі, 2 – “Права і Справядлівасць”, 1 – самаўрадавая кааліцыя “Еднасць”, 3 – “Наша Падляшша”, 3 – левыя дэмакраты, 3 – выбарчы камітэт “Выбаршчыкі для Бельска”.

 

“Гэта вялікі давер, і буду рабіць усё, каб яго апраўдаць. Тым больш што ўпершыню з 2002 года ў Бельску Падляшскім выбралі бургамістра горада ў першым туры,” – гаворыць Яраслаў Бароўскі:

– Нечаканая сітуацыя, бо ў гэтым годзе атрымалася так, што мне аддалі 5161 голас, а астатнім – 5132. Гэта значыць, што маю больш 50%. Першае, што сёння зрабіў, – падпісаў 3 рашэнні і вызначыў 2 цаны продажу дзялак. Скажу, што вельмі вялікі давер да мяне, і я не магу яго згубіць. Хачу, каб ніхто не пашкадаваў, што 4 гады бургамістрам горада быў Яраслаў Бароўскі.

Бельская кааліцыя атрымала таксама найбольш з ўсіх спісаў мандатаў у гарадскую ўправу.

Вядома таксама, што выбары на войта гміны Орля выйграў Пятро Сэльвясюк і ў гміне Чыжы таксама застаецца на чарговы тэрмін Юры Васілюк.

Падрабязней пра выбары-2014 у Польшчы тут.

Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя

Фота bielsk-podlaski.pl

* * *

Сёння, 16 лістапада, на выбарчых участках галасаванне пачалося а сёмай гадзіне і працягнецца да 21 гадзіны. З Падляшскага ваяводства ў выбарах у мясцовае кіраванне балатуецца каля 9 тысяч чалавек, сярод іх 380 кандыдатаў на войтаў і бургамістраў. 19 кандыдатаў на пасаду прэзідэнтаў трох самых буйных гарадоў рэгіёну – Беластоку, Ломжы і Сувалках. За адзін мандат райцы змагаецца ў сярэднім 4 асобы. Найбольш ахвотных стаць райцамі ў Беластоку, тут за адно месца змагаюцца 14 кандыдатаў. Другі тур выбараў войтаў, бургамістраў і прэзідэнтаў гарадоў запланавана на 30 лістапада ў тых мясцовасцях, дзе кандыдат не атрымае 50 адсоткаў галасоў выбаршчыкаў.

Беларускае Радыё Рацыя