На Жытоміршчыне з’явіцца помнік Тарасу Бульбу-Бараўцу
Ва ўкраінскім райцэнтры Олеўск, што на Жытоміршчыне, вырашылі паставіць помнік Тарасу Бульбу-Бараўцу, аднаму са стваральнікаў Олеўскай рэспублікі, якая існавала на тэрыторыі Валыні і некаторых раёнах Берасцейшчыны ў другой палове 1941 года.
– Постаць Тараса Бараўца, больш вядомага як Бульба-Баравец, дагэтуль выклікае спрэчкі і ва Украіне, і ў Беларусі. Украінская паўстанцкая армія атамана Бульбы-Бараўца налічвала каля 10 000 чалавек, прытым значную іх частку складалі этнічныя беларусы. Ёсць звесткі і пра беларускае паходжанне самога Бараўца. Пэўны час атаман Бульба-Баравец меў сяброўскія адносіны з Беларускім корпусам самааховы.
За час свайго існавання паўстанцкая армія Бульбы-Бараўца спачатку супрацоўнічала з нацыстамі, потым распачала супраць іх бязлітасную вайну. Ворагамі “бульбаўцаў” таксама былі Армія Краёва, савецкія партызаны і асабліва – Украінская Паўстанцкая Армія з прыхільнікаў Сцяпана Бандэры.
Менавіта бандэраўцы і зліквідавалі войска Бульбы-Бараўца: атрады былі раззброеныя, а іх камандзіры расстраляныя. Атаман Бульба апынуўся ў нямецкім канцлагеры Заксенхаузен, прытым яго камера знаходзілася побач з камерай Сцяпана Бандэры.
Пасля вайны атаман Бульба паўстаў перад акупацыйным брытанскім судом, але быў апраўданы па ўсіх пунктах. Памёр атаман украінска-беларускага сумежжа ў эміграцыі ў Нью-Ёрку ў 1981 годзе.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя
Фота wikimedia.org