Набліжаецца юбілейны Фестываль царкоўнай музыкі “Гайнаўка-2016”
Набліжаецца 35-ты Фестываль царкоўнай музыкі “Гайнаўка-2016”. 17-га траўня на ўрачыстае адкрыццё ў Падляшскай оперы і філармоніі заспявае пераможца мінулагодняга фестывалю Хор нацыянальнага радыё Украіны.
Сёлета ў конкурсных праслухоўваннях прымуць удзел 35 хораў з 16-ці краінаў свету. Гэта між іншым хоры з Расеі, Сербіі, Літвы, Славакіі, Грэцыі і нават Аўстраліі і Аб’яднаных Арабскіх Эміратаў. Як і штогод спаборнічаць у конкурсе будуць прадстаўнікі Беларусі. Сёлета гэта 5 хораў, кажа дырэктар фестывалю Мікалай Бушко:
– Ва ўсіх пяці катэгорыях будуць прадстаўлены беларускія хоры: царкоўна-прыхадскі, дзіцячы, аматарскі, хор музычнага каледжа. Пасля 27-гадовага перапынку прыязджае Дзяржаўны камерны хор Беларусі.
Выступяць хор “Праабражэнне” з Барысава, хор “Cantus Juventae” Лінгвістычнага ўніверсітэта з Менска, хор хлопчыкаў са Светлагорска і хор Дзяржаўнага музычнага каледжа з Гародні.
Конкурсныя праслухоўванні 35-га фестываля “Гайнаўка-2016” пачынаюцца ў чацвер 19-га траўня ў памяшканні філармоніі па вуліцы Падлесьнай 2.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток