“Начныя ваўкі” будуць судзіцца з польскай памежнай службай
Байкеры са скандальна вядомага клуба “Начныя ваўкі” збіраюцца судзіцца з памежнай службай Польшчы. Судовая позва ўжо перададзеная ў варшаўскі суд. Больш падрабязна – наш украінскі карэспандэнт Марцін Война.
– У позве, перададзенай у суд, дэталёва пералічаныя ўсе правіны польскіх памежнікаў перад “Начнымі ваўкамі”. Гэта і ануляваныя шэнгенскія візы, і грошы, якія байкеры нібыта выдаткавалі на бронь гатэляў, і іміджавыя страты, і нават “маральная шкода”, якую, на думку прадстаўніка “Начных ваўкоў”, польскія памежнікі павінны кампенсаваць матэрыяльна.
“Калі нашую скаргу адрынуць, мы будзем звяртацца ў апеляцыйны суд. Калі і гэта не падзейнічае, мы пойдзем у Еўрапейскі суд па правах чалавека”, – заявіў падстаўнік байкарскага клуба Сяргей Ухцінскі.
Мотапрабег “Начных ваўкоў”, арганізаваны на гонар 70-годдзя Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, пачаўся ў Маскве 25 красавіка. Планавалася, што расейскія матацыклісты праедуць да Берліна праз Менск, Берасце, Уроцлаў, Брно, Браціславу, Вену і Прагу. Але 27 красавіка польскія памежнікі не пусцілі байкераў у Еўразвяз, што выклікала незадаволенасць у Крамлі.
Марцін Война, Беларускае Радыё Рацыя, Украіна
Фота scoopnest.com