Над вадасховішчам у Семяноўцы стартаваў фестываль “Рудня праект”



Цягам двух дзён можна будзе прыняць удзел у майстар-класах, гульнях ды канцэртах. У рамках праекта адкрылася выстава мапаў «Затопленыя вёскі», якія былі створаны на аснове архіўных дакументаў ды размоў з жыхарамі.

Мапы паказваюць размяшчэнне дамоў і іншых аб’ектаў, характэрных для паасобных вёсак, затопленых у выніку стварэння вадасховішча Семяноўка. Праект паказвае гісторыю гэтай тэрыторыі, але таксама набліжае да канкрэтных людзей, кажа старшыня гуртка вясковых гаспадынь, Яўгенія Бура:

– Я спаткалася з маімі суседкамі, якія паходзяць з гэтых выселеных вёсак. З вёскі Лукі, Балтрыкі. Гэта перадусім для іх мы хацелі зрабіць, каб яны ўспомнілі. Іх дзеці прыязджаюць, унукі, каб яны не забываліся назвы тых колішніх вёсак, якія на гэтай выставе захаваныя. Каб гэта не знікла.

Аляксандр Кардаш: Дзякуючы гэтай выстаўцы яны даведаюцца, дзе гэтыя вёскі стаялі. Колькі ў кожнай вёсцы было хатаў. Тутака яшчэ апісана гісторыя гэтых вёсак і гісторыя гэтага вадасховішча.

Намеснік маршалка Падляшскага ваяводства Станіслаў Дэрэгайла: Гэта падзея сабрала шмат людзей. Як Свіцязь мае сваю “Свіцязянку”, то можа калісьці з’явіцца прыгожая паэма пра Семяноўку.

Фестываль “Рудня праект” завершыцца над Семяноўкай канцэртам народных песень і абрадам пад назвай “Куст”.

Уля Шубзда, Беларускае Радыё Рацыя