Надзея Салаўёва пра хаб „Новая зямля” ў Беластоку



„Госця Рацыі” — сузаснавальніца беларускага хабу „Новая зямля” Надзея Салаўёва.

Архіўнае фота. Надзея Салаўёва выступае падчас адкрыцця хабу.

Хаб у хуткім часе адзначыць год са дня свайго адкрыцця. Гутарым з Надзеяй пра тое, як прайшоў гэты час, а таксама – і пра планы на будучыню. Каля мікрафону Алеся Вербаловіч.  

РР: Нагадаем нашым слухачам, калі хаб „Новая Зямля” адчыніў свае дзверы.

– 3-га снежня 2022 года.

РР: Як гэты час прайшоў? Якія мерапрыемствы запомніліся?

– Шмат было сустрэч. Мы вядзём наш гугл-каляндар івентаў, размяркоўваем. Я палічыла, 445 івентаў на гэты дзень, розных мерапрыемстваў. То бок і такіх працоўных, калі нейкія групы збіраліся, да вялікіх канцэртаў, квізаў, нейкіх спектакляў, выстаў, лекцый за год было.

РР: Даволі шмат. Атрымліваецца больш, чым раз на дзень?

– Так. У нядзеля і суботу па два-тры было. Што мне асабіста запомнілася. Я такі суб’ектыўны чалавек, але мне запомніліся такія вялікія імпрэзы з прыезджымі гасцямі. Яны збіралі па 50-60 чалавек. Латушка калі прыязджаў, Пазьняк, Лукашук са сваёй прэзентацыяй. Канцэрты розных гуртоў, у межах „Мова Нанова” і проста так. У асноўным канешне не з Беларусі, а тыя якія тут знаходзяцца. Запомніліся гістарычныя рознага кшталту лекцыі, семінары, заняткі з Алесем Кіркевічам, з Арловым.

РР: Як шмат сілаў вымагае ўдзел у жыцці хабу?

У нас ёсць каманда, мы па чарзе адкрываем, закрываем. Дзень пачынаецца з таго, што розныя людзі пішуць наконт мерапрыемстваў, каб правесці, што ёсць ідэя. Потым з імі камунікуеш некалькі дзён, пасля трэба зрабіць афішу, павесіць, распаўсюдзіць. Ну гэта праца, робіш яе і робіш. Такога, як трэба рабіць, не хачу, няма. Раблю з задавальненнем, бо чалавек укладае душу ў тое, што ён там хоча прэзентаваць. Нам бы канешне не зашкодзіў чалавек на поўную стаўку з ранку да вечара, які мог бы быць кшталту офіс-менеджара. Пакуль што радзім, але такая мэта. Мы яшчэ цягам гэтага года знайшлі, сам знайшоўся чалавек, які робіць нам YouTube. Сам прапанаваў, сам прыйшоў, што трэба так і так. Я спачатку падумала, што мы тут у асноўным на афлайн арыентуемся, а тут анлайн, акей. Зараз я не шкадую, бо мы паглядзелі статыстыку, там большасць з Беларусі нашых, хто глядзіць.

РР: Там адбываюцца трансляцыі мерапрыемстваў?

– Там больш такія справаздачы, то бок мантаж відэа. У большасці выпадкаў мантаж, каб тыя, хто не быў, маглі паглядзець.

РР: Як шмат людзей зараз збірае хаб? Няма адчування, што ён стаў паўнавартасным цэнтрам беларускага грамадскага жыцця ў Беластока?

– Ёсць. Я вось гляджу, ёсць такое адчуванне. Я гляджу, якія мерапрыемствы ёсць у нас і якія праекты ажыццяўляюцца. Бо ёсць такія пастаянны, сталыя праекты, то бок кожны тыдзень, раз на тыдзень збіраюцца напрыклад, беларускія традыцыйныя танцы, падлеткавы клуб, жаночы, школа Кацярыны па строях, тэатральны гурток дзяцей, якія ставяць спектаклі. Ёсць такія аднаразовыя. Бачна, што ідзе ўхіл больш на беларускую мову, гісторыю, культуру. Таксама штосьці такое, як псіхалогія, але ў асноўным канцэрты, культура.

Цалкам гутарку слухайце ў далучаным гукавым файле.

Надзея Салаўёва запрашае ўсіх ахвочых у хаб і нагадвае, што кожны дзень там адбываецца нешта цікавае — для дзяцей і дарослых. За афішай мерапрыемстваў, якія адбываюцца ў беларускім хабе „Новая Зямля” ў Беластоку, можна сачыць у Telegram і Facebook ды YouTube.

Беларускае Радыё Рацыя