Намеснік дырэктара Беластоцкага тэатру: для нас гэта вайна з’яўляецца вялікім шокам
У эфіры Радыё Рацыя пабывалі намеснік дырэктара Беластоцкага тэатру Мартына Занеўская, актор тэатру Патрык Адзіеўскі і акторка з Укріаны Юлія Букала.
РР: Я ведаю, што Беластоцкі тэатр мае сталыя кантакты з украінскімі тэатрамі: Харкаў быў у нас, Львоў быў у нас, Тэатр Франка выступаў на фестывалі «Напрамак Усход» менавіта ў Беластоку, а зараз маем інфармацыю з Украіны, што там вельмі цяжка. Пытанне да Мартыны, якія рэакцыі на гэты конт?
– Тое, што здарылася ва Украіне было для нас усіх вялікім шокам. Мы не маглі паверыць у тую інфармацыю, якая дайшла да нас, і кожны з нас вельмі моцна хвалюецца. Нягледзячы на тое, што гэта трывае ўжо месяц, у мяне ўражанне, што ўсё пачалося ўчора, што ўвесь час не спраўляемся з гэтай сітуацыяй, бо гэта вельмі цяжка зрабіць. Нашыя першыя словы пацяшэння мы кіравалі да нашых партнёраў з тэатраў ва Украіне. Гэта для нас настолькі сумна і прыкра, таму што дзень перад пачаткам гэтай вайны мы атрымалі запрашэнне ад Тэатру з Кіева, супольна з імі таксама рыхтавалі на восень іншы праект, мы хацелі пачаць сціслую супрацу. Так што мы ўсе, можна сказаць, знаходзімся ў вялікім смутку, і далей не можам паверыць у тое, што здарылася, тым больш, што гэта адбываецца так блізка да нас. Мы ўсе баімся, каб гэтая вайна за хвіліну не перакрочыла мяжу, і не дайшла да нас. Мы знаходзімся ў трохі іншай палітычнай сітуацыі, чым Украіна. Мы маем справу з вялізнымі маштабамі гвалту і жорсткасці, і вельмі цяжка казаць пра тое, як у гэтай сітуацыі будзе паводзіць сябе Расея. Мы шмат думалі пра тое, як мы можам дапамагчы Украіне, што можам зрабіць. Бо з аднаго боку ў нас усіх прысутнічае вялікая патрэба нясення такой дапамогі, але таксама маю ўражанне, што ёсць пачуцце безсілля. Да канца не ведаем, што можна зрабіць, каб гэта прынесла нейкія эфекты. Але тут адзін актор Драматычнага тэатру запрапанаваў сабраць разам сілы, і стварыць нейкі артыстычны праект, каб такім чынам зрабіць маніфест нашай салідарнасці з людзьмі ва Украіне. А перад усім мы як людзі тэатру і культуры з людзьмі культуры ва Украіне.
Цалкам размова:
Беларускае Радыё Рацыя