Намётавыя мітынгі на мяжы з Беларуссю пашыраюцца (абноўлена)



Намётавыя мітынгі на мяжы Еўразьвязу з Беларуссю  пашыраюцца. У мінулую сераду беларусы зладзілі акцыі на трох пунктах пропуску ў Польшчы – Баброўніках, Кузніцы і Кукурыках, працягваецца пікет на памежным пераходзе Мядзінікай у Літве.

Як паведаміў лідар НАУ Павел Латушка, ад сёння, 10 чэрвеня, пачнецца акцыя ва Украіне ў Новых Ярылавічах. А ў суботу пройдуць мітынгі ў Латвіі:

–  Фактычна мы сваімі рукамі абдымім Беларусь, абдымім нашым сэрцам, нашай душой, таму што мы ўсе разам. Мы патрабуем, каб Еўропа пачала дзейнічаць. І мы чуем, мы ведаем і вядзём шмат перамоваў і сустрэч на палітычным узроўні, што  рашэнні будуць прынцыповыя. Для нас вельмі важна адкрыць нашу граніцу, каб беларусы свабодна маглі б выязджаць. Так, пакуль рэжым нас не чуе, але ён нікуды не дзенецца, ён выканае нашы патрабаванні. Жыве Беларусь!

Мэтамі намётавых мітынгаў на мяжы заяўляюцца эфектыўныя і хуткія санкцыі Еўразвязу супраць рэжыму Лукашэнкі, адкрыццё наземных межаў Беларусі і вызваленне палітвязняў.

Сярод іншых у акцыі бяруць удзел давераныя асобы Святланы Ціханоўскай на мінулых выбарах – гэта сябра прэзідыуму партыі «Народная грамада» Вераніка Мішчанка і чалец Асноўнага складу Каардынацыйнае рады, актывіст грамадскага руху «Краіна для жыцця» Алег Майсееў. Сярод асноўных патрабаванняў акцыі – тэрміновыя і эфектыўныя санкцыі супраць рэжыму Лукашэнкі, а таксама вызваленне палітвязняў:

– Мы ведаем, што 16 чысла Байдан сустракаецца з Пуціным, а  15 чысла Еўразвяз звяртаецца да Байдэна пра ўвядзенне санкцый па Беларусі. Таму мы ў тым ліку і робім як мага шырэй гэтую медыйнасць, каб на нас звярнулі ўвагу. І другое – мы ведаем, што Лукашэнка ўжо пачаў прапаноўваць зняволеным, каб яны пісалі лісты аб памілаванні. Пачынаецца яго гандаль з Захадам.

– Яны спадзяюцца на тое, што дапаможа Кітай і Расея, але і яны не ўсемагутныя.

Мінулы вечаровы збор удзельнікі акцыі ў Медніках прысвяцілі бацьку беларускай незалежнасці Івану Луцкевічу. Каардынатары намётавага мітынгу раяць усім, хто жадае далучыцца, браць з сабой перадусім добры настрой:

– Добры настрой, зарад бадзёрасці мы ім перадамо. Тут кожны з нас прывозіць прадукты, набываем намёты, робім сцягі, агітацыі, робім расцяжкі.

– Таксама і сродак ад камароў не перашкодзіць.

Нагадаем, што ў мінулую сераду беларусы таксама зладзілі акцыі на трох пунктах пропуску ў Польшчы – Баброўніках, Кузніцы і Кукурыках. Ад сёння пачнецца пікет ва Украіне ў Новых Ярылавічах, а ў суботу пройдуць мітынгі ў Латвіі.

Стась Дадэрка, Беларускае Радыё Рацыя