Народныя песні прагучалі ў Падляшскай оперы
Малая зала опернага тэатру не змагла змясціць ўсіх гледачоў, якія прыйшлі на канцэрт. Шыплішкі, Бельск-Падляшскі, Саколы, Беласток, Рутка-Тартак – такой шырокай аказалася геаграфія фестывалю. Расказвае Збігнеў Нясядко, адзін з арганізатараў фестываляў народнай музыкі на Падляшшы:
– Як музычнае таварыства займаемся гэтым 12 гадоў. Уласнымі намаганнямі і працай зрабілі праект. Горад нас падтрымаў. Горад і ваяводства пераканаліся, што гэта мае сэнс. І зараз мы атрымалі оперу. І ўжо яе не пакінем. Мы далі канцэрт у Еўрапейскім цэнтры культуры. Сцэнічнае выкананне фальклору мае шанцы. Старыя паміраюць. І калі няма працы з моладдзю, то нічога не будзе. А песня вечная.
У канцэрце гучалі народныя песні, прыпеўкі, былі прадстаўлены танцы ў розных манерах выканання. Але большасць калектываў адзначыла, што імкнецца захаваць і выкарыстоўваць у сваім рэпертуары менавіта даўнейшыя песні сваіх рэгіёнаў.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток