„Наша ўсходняя мяжа надзейна ахоўваецца”



Наша ўсходняя мяжа надзейна ахоўваецца. Заявіў у чацвер, 16 верасня, кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра Міхал Дворчык.

„Аднак мы павінны быць абсалютна пільнымі і асцярожнымі, таму што Расейская Федэрацыя і Беларусь – непрадказальныя і агрэсіўныя краіны”, –дадаў ён.

У эфіры Першай праграмы Польскага радыё Міхал Дворчык сярод іншага  адказаў на пытанне, ці атрымаў прэм’ер -міністр якую-небудзь інфармацыю аб магчымым парушэнні польскай мяжы ў сувязі з вучэннямі „Захад”. „Прэм’ер -міністр у курсе сітуацыі на нашай мяжы”, – падкрэсліў Міхал Дворчык. Як ён запэўніў, „наша мяжа надзейна ахоўваецца”.

Кіраўнік канцылярыі прэм’ер-міністра таксама нагадаў, што цяпер вайскоўцы дапамагаюць памежнікам. „Такім чынам, мы павінны адчуваць сябе ў бяспецы”, – сказаў ён. Аднак ён абмовіўся, што „мы павінны быць абсалютна пільнымі і асцярожнымі, таму што краіны на ўсходзе, з якімі мы мяжуем, – Расейская Федэрацыя і Беларусь – непрадказальныя і агрэсіўныя краіны”. „Мы бачылі гэта шмат разоў, як гэта было ў Грузіі ці ва Украіне. Сёння мы самі перажываем гібрыдную атаку на польска-беларускую мяжу”.

Кіраўніку канцылярыі прэм’ер -міністра таксама задалі пытанне аб тым, ці будзе падоўжана надзвычайнае становішча ў памежнай зоне.

„Мы гатовыя падоўжыць надзвычайнае становішча, але, вядома, хацелі б – як толькі гэта будзе магчыма з пункту гледжання бяспекі палякаў – вярнуцца да нармальнага жыцця”, – адказаў Міхал Дворчык.

На пытанне, што можа прывесці да падаўжэння надзвычайнага становішча, кіраўнік Канцылярыі прэм’ер -міністра назваў у якасці фактараў „сітуацыю на мяжы, ціск на мяжы, неаднаразовыя спробы перасячэння гэтай мяжы і розныя інцыдэнты, якія могуць выклікаць пагрозу для польскіх грамадзян і польскай дзяржавы”. Аднак, як ён заявіў, „ніякіх рашэнняў па гэтым пытанні не прымалася”.

З 2 верасня ў памежнай зоне з Беларуссю, у частцы Падляшскага і Люблінскага ваяводстваў, дзейнічае надзвычайнае становішча. Яно ахоплівае 183 гарады і было ўведзена на 30 дзён у адпаведнасці з указам прэзідэнта Анджэя Дуды, выдадзеным па запыце Савета міністраў. Прадстаўнікі ўрада абгрунтоўваюць неабходнасць увядзення надзвычайнага становішча сітуацыяй на мяжы з Беларуссю, дзе рэжым Лукашэнкі вядзе „гібрыдную вайну”, і вучэннямі расейскага Захаду, якія пачаліся 10 верасня.

Паводле Радыё Беласток