Настаўнікі Падляшша падвысілі кваліфікацыю
Майстар-класы па падвышэнні кваліфікацыі па навучанні беларускай мовы прайшлі ў аграсядзібе „Бора здруй” у Нараўчанскай гміне. Варштаты зладзіў метадыст па навучанні беларускай мовы Янка Карчэўскі.

Мэта сустрэчы – навучанне ды абмен вопытам сярод настаўнікаў.
– Галоўны пункт праграмы – тыя майстар-класы па беларускіх народных танцах, якія настаўнікі вывучалі пад вокам інструктара. І нарэшце – лекцыя журналісткі Ганны Кандрацюк. Як старшыня аб’яднання “Наша школа” напісаў праект, удалося атрымаць грошы, і такім чынам мы змаглі тут сустрэцца ў гэтым “Бора здруй”, інтэгравацца, вучыцца.
Навучанне беларускай мове на Беласточчыне – гэта выклік і свайго роду пасланне, кажуць настаўнікі:
– Танцаваць, напэўна, будзем, дзеткі будуць цешыцца. Стараюся ўсё рабіць, каб гэтых дзетак заахвоціць і проста, каб беларуская мова не знікла ў Белавежы, бо быў такі час, што ніхто не вучыўся беларускай мове.
– Танцы мне спадабаліся, пакажу сваім вучням. Думаю, што яны будуць ахвотна такія заняткі праводзіць, бо чытаць і пісаць – ужо нецікава.
– Як бацькі запісваюць, каб дзеці, так як іх бабулі, дзядулі, далей гаварылі на нашай мове ў форме такой забавы. Разумець будуць беларускую мову далей.
У майстар-класах у “Бора здруй” удзельнічалі амаль усе настаўнікі са школаў у Гайнаўцы, Нараўкі, Белавежы, Кляшчэляў ды іншых мясцовасцяў Палдляшша. На сустрэчы з дакладам выступіла рэдактар „Зоркі” Ганна Кандрацюк, якая заахвочвала настаўнікаў да супрацы з тыднёвікам «Ніва» і да ўдзелу вучняў у штогадовых “Сустрэчах Зоркі”.




Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя
