Настаўніцы з Беларусі ўдасканальваюць сваё майстэрства ў Польшчы
10 настаўніц з Беларусі прыехалі ў Беласток, каб удасканаліць сваё педагагічнае і тэатральнае майстэрства. Удзельніцы майстар-класаў – полькі з Беларусі, таму заняткі маюць сваю спецыфіку.
Кажа інструктар, выкладчык Тэатральнай акадэміі Магдалена Кішко-Дойлідка:
– Гэтае навучанне ў школах польскіх на польскай мове мы праводзім таму, што Генеральнае консульства Польшчы знайшло сродкі і запрасіла палякаў, якія жывуць у Беларусі. Тут навучанне вядзецца не толькі ў тэатральным накірунку, жанчыны вывучаюць і асаблівасці польскай мовы. Але відавочна, што зараз гэтая адукацыя скіраваная на польскую мову, бо маем такога кшталту групу.
Выкладчыцы польскай мовы і польскіх тэатральных гурткоў з Менска, Гародні, Стаўбцоў, Баранавічаў, Слоніма і Ліды займаюцца ў Тэатральнай акадэміі Беластоку штодня. Вольнага часу няшмат, але хапае на агляд студэнцкіх спектакляў і знаёмства з горадам. Кажа ўдзельніца з Менска Марына Рыбкіна:
– Добра, што да нас, да настаўнікаў, ёсць такія прапановы, магчымасці прыехаць і дапрацаваць свае ўменні, якія мы выкарыстоўваем падчас працы з дзецьмі. Бо пры выкладанні любой мовы вельмі важна выкарыстоўваць розныя сродкі. Тэатр дае магчымасць развіць тыя дзіцячыя здольнасці, якія мы можам і не бачыць падчас працы. Нам даюць магчымасць пазнаць новыя метады працы з дзецьмі, як дайсці да кожнага дзіцяці праз гэтыя тэатральныя сродкі, якія актывізуюць працу.
Майстар-класы працягнуцца да суботы. Але ўжо сёння ў час урачыстай вячэры кожная ўдзельніца атрымае адмысловы дыплом ад Консула Польшчы.
Ганна Комінч, Беларускае Радыё Рацыя