Нацменшасці атрымалі звыш 15,5 млн злотых



Звыш 15,5 мільёнаў злотых атрымалі нацыянальныя меншасці Польшчы на падтрымку сваёй культуры. Міністэрства адміністрацыі і цыфрызацыі выдзеліла на 600 тысяч злотых больш, чым у мінулым годзе.

Паводле міністра адміністрацыі і цыфрызацыі Анджэя Галіцкага, які наведаў Беласток, у гэтым годзе выдзелена амаль столькі ж сродкаў, бо бюджэт міністэрства на 2015 год амаль не змяніўся.

Як падкрэсліў Анджэй Галіцкі, добрыя ініцыятывы меншасных арганізацый маюць магчымасць атрымаць фінансаванне з іншых крыніцаў:

– Будзем старацца дапамагаць меншасцям таксама рознымі іншымі дзеяннямі. У гэтай сферы таксама важнай з’яўляецца адукацыя, актыўнасць асяродкаў, якія не заўсёды павінны звяртацца толькі па гэтую дапамогу, якая скіравана на нацыянальныя меншасці. Добрыя ініцыятывы заслугоўваюць падтрымкі, асабліва ініцыятывы адукацыйнага і культурнага характару, яны могуць пранікаць і ў іншыя сферы, знаходзіць месцы для сваёй рэалізацыі.

Датацыі з бюджэту Міністэрства адміністрацыі і цыфрызацыі застаюцца асноўнай крыніцай фінансавання для большасці меншасных арганізацый. З гэтых сродкаў фінансуюцца, сярод іншых, часопісы, кнігі, радыёперадачы, фестывалі, конкурсы і дзейнасць аматарскіх калектываў.

Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя