Нацменшасці Польшчы бароняць сябе і свае інтарэсы



Нацыянальныя меншасці ў Польшчы шукаюць абароны сваіх інтарэсаў у еўрапейскім заканадаўстве і збіраюць подпісы. У апошні час не толькі ў Польшчы, але і іншых еўрапейскіх краінах адзначаецца рост нацыяналістычных рухаў, меншасцям неабходна шукаць абароны, каб не “праглынула” іх большасць, як кажа намеснік старшыні Беларускага грамадскакультурнага таварыства Васіль Сегень.

Васіль Сегень: Нямецкая меншасць у Польшчы выйшла з такой ініцыятывай: сабраць подпісы пад такой петыцыяй і выступіць да Еўрапейскай камісіі, каб на ўзроўні Еўразвяза было створана заканадаўства, якое спрыяла б развіццю нацменшасцяў у краінах, дзе яны пражываюць. А як вядома, зараз такі час, што ў кожнай краіне жывуць нацыянальныя меншасці. І каб гэтыя прававыя нормы былі таксама на еўрапейскім узроўні, а не толькі ў краінах пражывання нацменшасцяў. Такім чынам, нямецкая меншасць звярнулася да беларускай меншасці ў Польшчы, каб падтрымаць такую ініцыятыву. І мы гэта робім.

Мы як Беларускае грамадска-культурнае таварыства ў Польшчы разаслалі інфармацыю і папрасілі нашы ваяводскія самаўправы там, дзе пражываюць беларусы, збіраць такія подпісы да канца студзеня 2018 года, пасля чаго перададзім іх нямецкай меншасці, каб яны маглі выступіць у еўрапейскіх структурах са сваёй ідэяй. Калі хто хоча падпісацца, то звяртайцеся да гмінаў і гарадоў, куды мы гэта разаслалі, прасіце, што такая ініцыятыва ёсць і вы хочаце падпісацца пад ёй. І вам павінны даць такую магчымасць.

РР: Можа, у інтэрнэце будзе штосьці падобнае? Каб можна было ўвайсці і падпісацца. Бо гэта, бадай што, самы лёгкі шлях, прынамсі для маладзейшых беларусаў.

Васіль Сегень: Мы робім па мерках сваіх магчымасцяў, якія, на жаль, невялікія. Пры нагодзе мерапрыемстваў, якія будуць адбывацца цягам гэтага часу, мы просім падпісвацца. Таксама, калі ў кагосьці будзе жаданне, можна да нас на Варшаўскую, 11 прыходзіць з 8.00 да 15.00 кожны дзень, акрамя суботы і нядзелі. Шырэй выйсці мы пакуль не можам, бо рабочых сіл, людзей у нас не хапае – займаемся бягучай дзейнасцю.

Што тычыцца інтэрнэтнай акцыі, то гэта тэхнічна было б складана. Не ведаю, наколькі зараз у прававых адносінах такія подпісы магчымыя. Можа, маладое пакаленне і ведае, як гэта тэхнічна зрабіць, але гэта, відаць, у нас мала папулярны спосаб подпісу любога тыпу прававога дакумента.

РР: Колькі павінна быць гэтых подпісаў, каб яны трапілі на разгляд камісіі?

Васіль Сегень: Наколькі мне вядома, у маштабе краіны трэба сабраць мінімум 50 тысяч такіх подпісаў. Нямецкая меншасць звяртаецца да іншых нацыянальных меншасцяў Польшчы, бо найперш гэта мы зацікаўлены такой ініцыятывай, каб гэтыя подпісы збіраць. І ў гэтай справе нават адзінкавыя подпісы вельмі важныя. Вядома, што збяруцца сотні-тысячы такіх подпісаў, якія дапамогуць гэтую ініцыятыву правесці да канца.

РР: У сувязі з чым такая ініцыятыва?

Васіль Сегень: Адкрыта нідзе пра гэта не сказана. Нідзе не падаюцца адкрытыя прычыны, стымулы для такой задумы. Але ж вядома, што цягам апошніх гадоў сітуацыя вакол нацыянальных меншасцяў робіцца вельмі складанай, нават небяспечнай. І я думаю, што гэта такі напрамак пошуку нейкага паратунку ў структурах Еўразвяза, якія стаяць вышэй за ўлады любой краіны-чальца ЕЗ, каб там шукаць нейкія прававыя вырашэнні, прававую бяспеку нашага існавання ў Польшчы ці іншай еўрапейскай краіне. Я так гэта расцэньваю. Калі гэта будзе ўнармавана з прававога боку на самым высокім узроўні, тады можна спадзявацца, што і лягчэй нам будзе тут прабіваць свае інтарэсы і справы, проста нармальна жыць і развіваць сваю нацыянальную культуру.

Подпісы будуць збіраць да канца студзеня. Падпісаць петыцыю ў абарону нацыянальных меншасцяў можна ў БГКТ у Белатоку або ў сакратарыятах мясцовых самакіраванняў на Падляшшы.

Гутарыла Валянціна Лаеўская, Беларускае Радыё Рацыя