Беларусы Падляшша супраць Маршу памяці выклятых жаўнераў (абноўлена)
Жыхары Гайнаўкі ды ваколіц напісалі адкрыты ліст прэзідэнту Польшчы Анджэю Дудзе і прымасу Польшчы Войцеху Поляку, у якім вызказалі свой пратэст Гайнаўскаму маршу выклятых жаўнераў 27 лютага.
Пад лістом падпісаліся, між іншым, дырэктар Агульнаадукацыйнага ліцэя з беларускай мовай навучання ў Гайнаўцы ды стараста Гайнаўскага Павету Міраслаў Раманюк:
– Ідзе размова пра постаць “Бурага”, які вінаваты ў смерці 79 чалавек – бязвінных мірных жыхароў, дзяцей, жанчын.
“Я не мог стаяць у баку. Маім абавязкам было далучыцца да гэтага пратэсту,” – кажа дырэктар Гайнаўскага белліцэя Яўген Сачко:
– Арганізацыя гэтага маршу ў Гайнаўцы, на маю думку, нейкая правакацыя, каб нам на Гайнаўшчыне не жылося спакойна. Думаю, што арганізатары хочуць зноў пасеяць страх сярод праваслаўных беларусаў.
«Мы не дамо сябе запалохаць, а аб’яднаемся і будзем яшчэ больш шанаваць сваё мінулае і мову нашых продкаў,» – кажа Яўген Сачко. Паводле зместу ліста, кантраверсіі выклікала таксама тое, што марш пачынаецца ля аднаго з гайнаўскіх касцёлаў, а пасля завяршэння ў другім запланаваная святая імша.
* * *
Першы гайнаўскі марш з партрэтамі Рамуальда Райса “Бурага”, адказнага за пацыфікацыі беларускіх вёсак на Беласточчыне і забойствы мірных жыхароў – гэта здзек над памяццю бязвінных ахвяр. Так кажа вядомая паэтэса з Бельска, інтэлектуальны аўтарытэт беларусаў Падляшша – Надзея Артымовіч:
– Для мяне заўтрашні дзень не будзе днём. Ноч. Свет і людзі. Чалавек… Тое, што здарыцца ў Гайнаўцы – марш – гэта здзек над чалавекам. Я часта ў малітвах у сваім родным Бельску на магіле нявінных ахвяр – сем’яў, дзяцей, жанчын. Я заўтра запалю свечку ў поўдзень на магіле нявінных ахвяр…
Першы гайнаўскі марш ў гонар выклятых жаўнераў, які ладзіць радыкальна-нацыяналістычны лагер і Гістарычнае таварыства імя Дануты Седзікувны “Інкі”, выклікае бурныя эмоцыі на Беласточчыне, паколькі арганізатарамі на ўлётках, якія прапагандуюць марш, змешчана выява Рамуальда Райса “Бурага”. ІПН ў 2005 годзе прызнаў, што ён здзейсьніў злачынствы з прыкметамі генацыду.
З адкрытым лістом да прэзідэнта і прымаса Польшчы ў справе Першага гайнаўскага маршу выклятых жаўнераў звярнуліся жыхары Гайнаўкі.
* * *
Прадстаўнікі нацыянальных меншасцяў з Супольнай камісіі ўраду і нацыянальных меншасцяў кажуць пра неабходнасць дыялогу і прадуманых дзянняў. Асабліва, калі гэта тычыцца ўшанавання гістарычных падзей ці асобаў – кажа Ян Сычэўскі, старшыня БГКТ:
– Прадстаўнікі нацыянальнай меншасці мусяць адчуваць сябе як партнёры, у адносінах да тых падзей, якія адбыліся 70 гадоў таму. З’яўляюцца такія плыні, якія лічаць, што можна паказваць сваю пагарду, падкрэсліваць, што ўвесь час інтарэсы беларускай меншасці супярэчаць інтарэсам польскага патрыятызму. Гэта нейкі абсурд!
Гэта не толькі праблема беларусаў, але і ўсіх нацыянальных меншасцяў ў Польшчы, кажа Пётр Тыма, прэзэс Саюза ўкраінцаў у Польшчы:
– Жыхары Польшчы розных нацыянальнасцяў і рознага веравызнання сталі ахвярамі ваенных злачынстваў. І іх неабходна паважаць. Іхныя забойцы не мусяць быць гераізаваны.
Заўтра ў Гайнаўцы пройдзе шэсце ў памяць выклятых жаўнераў, адной з асобаў, якую арганізатары прадстаўляюць як героя, з’яўляецца капітан Рамуальд Райс «Буры» – адказны за спаленне беларускіх вёсак і забойствы мірнага насельніцтва ў 1946 годзе.
Беларускае Радыё Рацыя