Нацысцкая сімволіка заўважана падчас маршу “выклятых” жаўнераў
Нацысцкая сімволіка з’явілася падчас маршу “выклятых” жаўнераў у Гайнаўцы. Пра гэта паведамляе дэпутат у польскі парламент ад партыі “Новочэсна” Кшыштаф Трускаляскі.
Палітык склаў скаргу міністру ўнутраных справаў на паліцыю, якая, паводле яго, павінна затрымаць асобаў, якія мелі забароненую ў Польшчы сімволіку, кажа дэпутат Кшыштаф Трускаляскі:
– Паліцыя маршыравала побач з дэманстрантамі. Я б хацеў даведацца ў пана міністра, ці паліцыя адрэагавала на нацысцкія сімвалы, якія з’явіліся падчас суботняга маршу ў Гайнаўцы.
Марш „выклятых” жаўнераў прайшоў вуліцамі Гайнаўкі ў суботу. Удзельнічала ў ім каля 150 чалавек. Арганізатары маршу ўслаўляюць жаўнера польскага падполля Рамуальда Райса, псеўданім „Буры”, які адказны за смерць беларускіх мірных жыхароў у лютым 1946 года.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток
