Названыя пераможцы агульнапольскай Алімпіяды праваслаўных ведаў
Пятро Артысевіч, вучань ліцэя №5 у Беластоку, стаў пераможцам агульнапольскай Алімпіяды праваслаўных рэлігійных ведаў. У фінале конкурса на пытанні, звязаныя з тэалогіяй літургіі і гісторыяй хрысціянства, адказвалі 14 вучняў з Беластока, Бельска-Падляшскага, Гайнаўкі, Варшавы і Кошаліна. Конкурсныя пытанні былі звязаныя са стагоддзем праваслаўнай царквы на польскіх зямлях. Фіналісты муселі валодаць грунтоўнымі гістарычнымі ведамі, кажа адзін з фіналістаў Максім Фёнік з Бельска-Падляшскага.
– Напрыклад, пра епіскапаў у міжваенны час. Трэба было адказаць на пытанні пра Беларускую аўтакефальную царкву ў 1942 годзе. Былі пытанні пра мучанікаў зямлі Холмскай і Падляшскай. Таксама трэба было апісаць некалькі асобаў, звязаных з царквой.
Дзякуючы перамозе лаўрэаты маюць адкрытыя дзверы ў некатрыя польскія ВНУ, між іншым Універсітэт у Беластоку, Хрысціянскую тэалагічную акадэмію ў Варшаве ды Каталіцкі люблінскі ўніверсітэт. На ўсіх этапах алімпіяды прымала ўдзел 70 маладых людзей з усёй Польшчы.
Лукаш Леанюк, Беларускае Радыё Рацыя, Беласток